
"Дапамажы мне. Нiчога не абяцай, нiчым не абдорвай. Скажы толькi: "Ты мне патрэбны", - i я буду шчаслiвы. Было ж нешта той, мiнулай зiмою. Нешта ў табе пацягнулася насустрач - я ж бачыў, памятаю. Што змянiлася, любая?!"
Маўчанне.
"Яна паводзiць сябе так, быццам я вiнаваты ва ўсiх яе жыццёвых расчараваннях i крыўдах (я не ведаю iх, не слухаю плётак i не веру iм). Адчуванне такое, быццам я расплачваюся за чужую здраду. Балюча, горка, прыкра... Я цяпер кожны дзень хаваю па надзеi. Гэта ўсё роўна, што хаваць самога сябе, толькi па частках".
"Не збягай назаўсёды, каханая!"
"Я ведаю, што трэба зрабiць: не гаварыць нiякiх слоў, моўчкi ўзяць тваю галаву ў далонi, пацалаваць вочы, прытулiцца шчакою да шчакi - i ты абавязкова адкажаш, i ўсё вырашыцца. Але я баязлiвец. Пракляты баязлiвец. Я баюся, што ты можаш спалохацца, адштурхнуць, заплакаць, i тады ўсё будзе скончана, усё загiне. Не застанецца нават таго малога, што ёсць цяпер. Не застанецца надзеi".
Маўчанне.
"Часам мне здаецца, што ты - рыба, русалка. Спрадвечна халодная, раўнадушная, ненароджаная жанчына. Ты нарадзiла дзяцей, але ўсё роўна нiчога не разумееш у каханнi. Прабач, калi гэта не так".
Маўчанне.
"Так, я ненармальны, псiх. Але i ты, павер, вельмi дзiўны чалавек. Ты як тая "чорная скрынка", што застаецца цэлая ў авiякатастрофах. Ты рэч у сабе. Навошта? Дзеля чаго? Каму ты адкрытая? Сабе? Не веру. Можа, Богу? Але што яму, далёкаму, да цябе, да мяне, да маiх пакутаў?! Як жахлiва не ведаць: гульня цi пачуццё, забарона цi капрыз, прынцып цi... Што я наогул ведаю пра цябе? Вось пра сябе дакладна ведаю - псiх. Кожны нармальны чалавек даўно б адступiўся... Што яшчэ мяне трымае i мучыць, дык гэта падазрэнне: а раптам ты яшчэ больш ненармальная, чым я, раптам табе балючай, горш, у што я, шчыра кажучы, не веру".
- Што з табою? - спытала жонка. - Ты быццам мёртвы.
