
- А я i праўда мёртвы, - згадзiўся Мастак. - Ты што - толькi цяпер заўважыла?
Жонка не пачала, як звычайна, кпiць. Цi то адчула, што яму блага, цi то засумавала.
- Ты з дарогi, кладзiся сёння раней.
У ложку яна мякка прытулiлася да яго пляча. Ён заплюшчыў вочы i ледзь не застагнаў: уявiў, што побач тая, другая, жаданая да апошняй клетачкi. Вось яна, адзiная, духмяная i шаўкавiстая, яго каханая. Ён стаў прагна цалаваць яе цела...
- Што з табою? - здзiвiлася жонка.
У гэты ж познi час у другiм доме адбылося нешта падобнае.
Адчуўшы на плячы мужаву руку, Рэстаўратар нечакана прыгадала Мастака вялiкае дзiця, пакрыўджанае ёю, - i ледзь не захлынулася ад хвалявання: як дрыжаць у яго вусны i перарываецца голас, гэта ж ён побач, гэта яго рука...
I нават дзецi нарадзiлiся пасля гэтага вечара ў абедзвюх сем'ях нармальныя, добрыя дзецi. Праўда, цiхiя, як i ўсе дзецi, зачатыя без вялiкага кахання. Праўда i тое, што не гэта галоўнае ў нашай аповесцi i што аповесць пра цёплы веснавы вечар на гэтым не скончылася.
Жонка пра нешта спыталася, але Мастак зрабiў выгляд, што спiць.
"А душа ж толькi што адыходзiла, - падумаў ён. - Не было яе, адлятала. Не ад шчасця, вядома. Якое там шчасце. Знiкла i не вярнулася. Дзе ж ты была, душа мая? Пачакай... Здаецца, разумею. Яна зноў лётала да Яе! Чаму ж тады?.. Якое дзiўнае адчуванне. Здаецца, што я сапраўды быў са сваёй каханай, што яна адказала нарэшце на маю любоў... Адчуванне такое, быццам адбылося нешта незвычайна рэдкае, дзiвоснае. I ў той жа час... Чаму ж ты так шчымiш, душа? Чаму ты плачаш?"
Мастак не ведаў пра iснаванне спiрытасферы, не мог уявiць яе, тым больш убачыць, але слабое водгулле незвычайнай з'явы, што адбылася толькi што ў ёй, дайшло да яго разумення, прымусiла радавацца i пакутаваць адначасова.
Нiхто з людзей, у тым лiку i касманаўты арбiтальнай станцыi, якая ў той час праходзiла над Чорным морам, не бачыў (дый не мог убачыць), як з розных канцоў соннага горада, быццам сiгнальныя ракеты, узляцелi ў глыбiнi космасу дзве зорачкi, дзве чалавечыя душы, як яны завяршылi свае высокiя парабалы насустрач адна адной i на момант злiлiся, а пасля, крыху пацямнелыя, упалi назад, на зямлю.
