Я стаяў пасярод пакоя каля стала. Дыханне маё супакоiлася, я адчуваў, што пот, якi залiў лоб, высыхае. Пра што ж гэта я толькi што думаў? А - пра робатаў. Тое, што я не сустрэў iх нi ў калiдоры, нi ў пакоях, было дзiўна. Куды ж яны падзелiся? Адзiны, з якiм я меў справу - i то на адлегласцi, - быў з абслугi касмадрома. А дзе ж iншыя?

Я зiрнуў на гадзiннiк. Час iсцi да Снаўта.

Я выйшаў. Калiдор слаба асвятляўся люмiнесцэнтнымi лямпамi. Я мiнуў двое дзвярэй, падышоў да тых, на якiх значылася прозвiшча Гiбарыяна. Доўга стаяў перад iмi. На Станцыi панавала цiшыня. Я ўзяўся за клямку. Па праўдзе кажучы, мне зусiм не хацелася туды заходзiць. Клямка пасунулася, дзверы на дзюйм прачынiлiся, утварылася шчылiна, спачатку чорная, пасля ў пакоi запалiлася святло. Цяпер мяне мог убачыць кожны, хто iшоў па калiдоры. Я хуценька пераступiў парог i зачынiў за сабой дзверы, бясшумна i моцна. Затым павярнуўся.

Я стаяў, амаль што датыкаючыся плячыма да дзвярэй. Пакой быў большы за мой, з такiм жа панарамным акном, на тры чвэрцi захiнутым фiранкай з дробнымi нябеснымi i ружовымi кветкамi, якая, несумненна, была прывезена з Зямлi. Уздоўж сцен стаялi кнiжныя палiцы i шкапчыкi, пафарбаваныя ў вельмi бледны зялёны колер з серабрыстым адценнем. Iх змесцiва, цэлымi стосамi вываленае на падлогу, ляжала памiж столiкамi i крэсламi. Праход загароджвалi два самаходныя столiкi, паваленыя i часткова пахаваныя пад стосам часопiсаў, якiя вытыркалiся з цудоўных папак. Разгорнутыя веерам старонкi кнiг былi залiтыя вадкасцю з разбiтых колбаў i пляшак з прыцёртымi коркамi, у пераважнай большасцi яны былi з гэткага тоўстага шкла, што звыклае падзенне на падлогу нават са значнай вышынi не здолела б iх разбiць. Пад акном ляжаў перакулены пiсьмовы стол з разбiтай лямпай на рухомым кранштэйне; перад iм валялася табурэтка, а яе дзве ножкi былi засунуты ў напалову адчыненыя шуфляды. Уся падлога засыпана карткамi, спiсанымi лiсткамi, нейкiмi паперамi. Я пазнаў почырк Гiбарыяна i схiлiўся над лiсткамi. Падымаючы асобныя аркушы, я заўважыў, што мая рука дае не адзiночны, а двайны цень.



24 из 186