
Я павярнуўся. Ружовая фiранка палала, нiбыта падпаленая ўгары, вострая лiнiя асляпляльна блакiтнага агню разгаралася з кожнай хвiлiнай. Я адсунуў фiранку - вочы асляпiў нябачны пажар. Ён займаў трэць гарызонту. Доўгiя, дзiвосна выцягнутыя пераплеценыя ценi беглi памiж хвалямi да Станцыi. Гэта быў усход. У той зоне, дзе знаходзiлася Станцыя, пасля ночы, якая доўжылася ўсяго гадзiну, на неба ўздымалася другое, блакiтнае сонца планеты. Аўтаматычны выключальнiк патушыў святло. Я вярнуўся да раскiданых папер. Натрапiў на кароткае апiсанне доследу, зафiксаванага тры тыднi таму, - Гiбарыян меў намер уплываць на плазму звышжорсткiм выпраменьваннем. Па зместу я зразумеў, што трымаю ў руках копiю iнструкцыi для Сарторыуса, якi павiнен быў правесцi эксперымент. Белыя аркушы паперы сляпiлi вочы. Дзень, якi пачаўся, адрознiваўся ад папярэдняга. Пад ружовым небам астываючага сонца чарнiльны, з крывавым бляскам Акiян амаль заўсёды ахiнала брудна-ружовая iмгла, у якой перамешвалiся небасхiл, хмары i хвалi - зараз усё гэта знiкла. Нават прафiльтраванае праз ружовую тканiну святло нагадвала прамянi магутнай кварцавай лямпы. Загар на маiх руках здаваўся амаль шэрым. Мой пакой змянiўся, усё, што мела чырвонае адценне, збранзавела i паблякла, як колер сырой пячонкi, затое белы, зялёны i жоўты колеры сталi такiмi выразнымi, што здавалася, яны свецяцца ўласным святлом. Прымружыўшы вочы, я паглядзеў праз шэрыя фiранкi: неба ўяўлялася белым морам агню, пад якiм калываўся i дрыжаў вадкi метал. Я сцiснуў павекi, пад якiмi паплылi чырвоныя кругi. На рукамыйнiку (бераг яго быў адбiты) я ўбачыў цёмныя акуляры i надзеў iх, яны закрылi амаль палову твару. Зараз фiранка свяцiлася полымем натрыю. Я чытаў далей, падымаючы аркушы i складваючы iх на адзiны неперакулены столiк. Часткi тэксту не хапала.
