Далей iшлi пратаколы пастаўленых доследаў. З iх я даведаўся, што на працягу чатырох дзён у пункце, якi знаходзiўся за тысячу чатырыста мiль на паўночны ўсход ад цяперашняга становiшча Станцыi, на Акiян уздзейнiчалi апраменьваннем. Для мяне гэта была нечаканасць, бо з-за згубнага ўздзеяння звышжорсткiх прамянёў iх скарыстанне забаронена канвенцыяй ААН. Я быў цалкам перакананы, што нiхто не пытаўся ў Зямлi дазволу на такiя эксперыменты. Узняўшы галаву, у люстэрку прачыненых дзвярэй шафы я заўважыў сваё адлюстраванне: смяртэльна белы твар i чорныя акуляры. Дзiўны выгляд меў i пакой, якi палаў белым i блакiтным святлом. Праз некалькi хвiлiн пачулася працяглае скрыгатанне, i звонку iлюмiнатар закрыла герметычная засланка; унутры пацямнела, запалiлася штучнае святло, якое здавалася зараз дзiўна бляклым. Станавiлася цяплей, рытмiчныя гукi кандыцыянера сталi падобныя на адчайны енк. Халадзiльныя апараты Станцыi працавалi на поўную магутнасць. I ўсё адно мёртвая гарачыня нарастала.

Пачулiся крокi. Нехта iшоў па калiдоры. Я зрабiў два бясшумныя скачкi i апынуўся ля дзвярэй. Крокi сталi маруднымi i сцiхлi. Той, хто iшоў, стаяў за дзвярыма. Паволi павярнулася клямка; я iнстынктыўна схапiў яе i затрымаў. Той, з другога боку дзвярэй, па-ранейшаму нацiскаў на клямку, моўчкi, нiбыта яго захапiлi знянацку. Так прастаялi мы даволi доўга. Раптам клямка падскочыла ў маёй далонi - яе адпусцiлi, а ледзь чутнае шамаценне сведчыла, што той адыходзiў. Я пастаяў, прыслухоўваючыся, але панавала цiшыня.

ГОСЦI

Я хуценька склаў у чатыры столкi нататкi Гiбарыяна i схаваў iх у кiшэню. Паволi падышоў да шафы i зазiрнуў у яе - камбiнезоны i адзенне былi пакамечаны i ссунуты ў адзiн кут, нiбыта там хтосьцi хаваўся. З-пад стоса папер на падлозе высоўваўся беражок капэрты. Я падняў яе. Яна была адрасавана мне. Горла перахапiла спазма, я разарваў капэрту i, пераадолеўшы сябе, разгарнуў невялiкi аркушык паперы, якi быў усярэдзiне.



26 из 186