
Сваiм незвычайна дробным выразным почыркам Гiбарыян занатаваў:
"Салярыст. штогодн.". Том 1. Дадатак, а таксама асабiст. думка Месенджара ў спр. Ф.; "Малы Апокрыф" Равiнцара".
Гэта было ўсё. Пiсьмо насiла адзнакi паспешнасцi. Цi была гэта нейкая важная навiна? Калi ён гэта напiсаў? Я падумаў, што трэба як мага хутчэй пайсцi ў бiблiятэку. Пра дадатак да першага тома "Салярыстычнага штогоднiка" я ведаў, дакладней, чуў, што ён iснуе, але нiколi не трымаў яго ў руках, бо ён уяўляў толькi гiстарычную каштоўнасць. Затое пра нейкага Равiнцара, як i пра яго "Малы Апокрыф", нiколi нават не чуў.
Што рабiць?
Я спазняўся ўжо на чвэрць гадзiны. Стоячы ля дзвярэй, яшчэ раз агледзеў пакой. Толькi зараз я заўважыў ля сцяны замацаваны вертыкальна ложак, якi складаўся. Раней я не бачыў яго, бо ён быў захiнуты разгорнутай мапай Салярыс. За мапай нешта вiсела. Гэта быў кiшэнны магнiтафон у футарале. Я дастаў апарат, футарал павесiў на ранейшае месца, а магнiтафон запхнуў у кiшэню. Зiрнуў на лiчыльнiк - амаль уся касета была скарыстана.
Зноў пастаяў ля дзвярэй, на секунду заплюшчыў вочы, напружана ўслухоўваўся ў цiшыню, якая панавала звонку. Нiчога падазронага. Адчынiў дзверы, калiдор здаўся мне чорнай прорвай, я зняў цёмныя акуляры i ўбачыў слабае святло лямпаў. Зачынiў дзверы i пайшоў налева, да радыёстанцыi.
Я наблiжаўся да круглай камеры, ва ўсе бакi ад якой, як спiцы ў коле, разыходзiлiся калiдоры. Калi мiнаў нейкi вузкi бакавы праход, скiраваны, здаецца, да душавых, заўважыў вялiкую невыразную постаць, якая амаль растваралася ў паўзмроку.
Я спынiўся як укапаны. З глыбiнi калiдора няспешна, хiстаючыся, iшла вялiзная мурынка. Я заўважыў бляск яе бялкоў i амаль адначасова пачуў мяккае шлёпанне босых ног. Яна была голая, мела толькi жаўтлявую, нiбыта сплеценую з саломы набедраную павязку; вялiзныя грудзi абвiслi, а чорныя рукi былi падобныя на сцягняк звычайнага чалавека; яна прайшла каля мяне нават не зiрнуўшы ў мой бок, i рушыла далей, пахiстваючы клубамi, як у слана, падобная на тыя каменныя выявы, што сустракаюцца часам у антрапалагiчных музеях.
