Не паспеў апамятацца, як кароткi ўдар надаў капсуле вертыкальнае становiшча, у назiральным акне аж да самага гарызонту ртутным святлом заiскрыўся ўсхваляваны Акiян; тросы i купалы парашута iмгненна аддзялiлiся, i вецер панёс iх над хвалямi. Капсула пачала мякка хiстацца своеасаблiвымi свабоднымi рухамi, як гэта звычайна бывае ў штучным сiлавым полi, пасля абсунулася на дол. Апошняе, што я паспеў убачыць, гэта ўкратаваныя ўзлётныя катапульты i два, велiчынёй у некалькi паверхаў, люстры ажурных радыётэлескопаў. Нешта прымусiла капсулу спынiцца, пачулася пранiзлiвае скрыгатанне сталi, якая пругка стукнулася аб сталь, унiзе нешта адчынiлася, i металiчная шкарлупiна, у якой я сядзеў, з працяглым уздыхам знерухомела, закончыўшы сваё стовасьмiдзесяцiкiламетровае падарожжа.

- Я - Станцыя Салярыс. Нуль-нуль. Пасадка закончана. Канец, - пачуў я нежывы голас робата.

Абедзвюма рукамi (я адчуваў незразумелы цiск на грудзi, у жываце быў непрыемны цяжар) пацягнуў на сябе ручкi, што знаходзiлiся на ўзроўнi плячэй, i разлучыў кантакты. Засвяцiўся зялёны надпiс "ЗЯМЛЯ", i сцяна капсулы адчынiлася; пнеўматычнае ложа штурханула мяне ў спiну так, што я мусiў зрабiць крок наперад, каб не ўпасцi.

З цiхiм сыкам, падобным на самотны ўздых, паветра выйшла са скафандра. Я быў вольны.

Я стаяў пад высокай, як скляпеннi храма, серабрыстай лейкай. Па сценах вiлiся пукi каляровых труб, што знiкалi ў круглых калодзежах. Я павярнуўся. Гулi вентылятары, усмоктваючы рэшткi атрутнай планетнай атмасферы, якая пранiкла сюды пад час пасадкi. Пустая, як трэснуты кокан, сiгара капсулы стаяла на дне круглай чашы стальнога ўзвышэння. Яе вонкавая абшыўка абсмалiлася i мела брудна-барвовы колер. Я спусцiўся па невялiкiм схiле.



4 из 186