
Асветлены пакой быў пусты. Я пачаў перабiраць кнiжкi, якiя ляжалi на падлозе ля iлюмiнатара; пасля падышоў да шафы i зачынiў яе. Я не мог бачыць пустое месца мiж камбiнезонамi. Ля iлюмiнатара дадатку не было. Я метадычна перакладваў том за томам i нарэшце, калi дайшоў да апошняга стоса кнiг, якiя ляжалi мiж ложкам i шафай, знайшоў тое, што шукаў.
Я спадзяваўся, што знайду ў кнiзе нейкi след, i сапраўды, у змесце ляжала закладка; чырвоным алоўкам было падкрэслена прозвiшча, якое мне нiчога не гаварыла, - Андрэ Бертан. Гэтае прозвiшча сустракалася на дзвюх старонках. Зiрнуўшы на першую, я даведаўся, што Бертан быў запасны пiлот на караблi Шанагана. Наступная згадка пра яго была больш як праз сто старонак. Адразу пасля высадкi экспедыцыя захоўвала надзвычайную асцярожнасць, але калi праз шаснаццаць дзён высветлiлася, што плазматычны Акiян не толькi не выяўляе нiякiх адзнак агрэсiўнасцi, але нават адступае перад кожным прадметам, што наблiжаецца да яго паверхнi, i як можа пазбягае непасрэднага кантакту з апаратурай i людзьмi, Шанаган i яго намеснiк Цiмолiс адмянiлi частку асаблiвых мер, якiя дыктавалiся асцярогай, бо гэтыя меры надзвычай абцяжарвалi i тармазiлi выкананне задання.
Пазней экспедыцыя была падзелена на невялiкiя групы з двух-трох чалавек, якiя выконвалi палёты над Акiянам часам на некалькi соцень мiль; выкiдальнiкi прамянёў, якiя раней прыкрывалi i засцерагалi ўчастак вывучэння, былi пакiнуты на Базе. Першыя чатыры днi пасля гэтых змен прайшлi без анiякiх здарэнняў, калi не лiчыць, што час ад часу псавалася кiслародная апаратура скафандраў, бо вывадныя клапаны былi адчувальныя да ядавiтай атмасферы планеты. Таму амаль штодзённа iх даводзiлася мяняць.
