
На пяты дзень, або на дваццаць першы з моманту высадкi, двое вучоных, Каручы i Фехнер (першы быў радыебiёлаг, а другi фiзiк), выправiлiся ў даследчы палёт над Акiянам на маленькiм (на два месцы) аэрамабiлi. Гэта быў не лятаючы апарат, а машына на паветранай падушцы.
Калi праз шэсць гадзiн яны не вярнулiся, Цiмолiс, якi ўзначальваў Базу пад час адсутнасцi Шанагана, аб'явiў трывогу i выслаў на пошукi ўсiх, хто трапiў пад руку.
У вынiку фатальнага збегу абставiн радыёсувязь у той дзень перапынiлася прыкладна праз гадзiну пасля выхаду пошукавых груп; прычынай гэтага з'явiлася вялiкая пляма на чырвоным сонцы, якое выкiдвала ў верхнiя слаi атмасферы магутны струмень часцiнак. Працавалi толькi ўльтракароткахвалевыя перадатчыкi, якiя давалi магчымасць весцi перамовы на адлегласцi не больш як дваццаць мiль. Акрамя таго, перад заходам сонца апусцiўся густы туман, i пошукi давялося спынiць.
Калi выратавальныя групы ўжо вярталiся на Базу, адна з iх за восемдзесят мiль ад берага знайшла аэрамабiль. Матор працаваў, i спраўная машына слiзгала над хвалямi. У празрыстай кабiне знаходзiўся толькi адзiн напаўпрытомны чалавек - Каручы.
Аэрамабiль даставiлi на Базу, а Каручы перадалi дактарам; яшчэ ў той самы вечар ён апрытомнеў. Пра лёс Фехнера ён нiчога не ведаў. Памятаў толькi, што, калi яны ўжо збiралiся вяртацца, ён адчуў удушша. Вывадны клапан яго апарата заядала, i ў скафандр з кожным уздыхам трапляў ядавiты газ.
Фехнеру, якi спрабаваў адладзiць яго апарат, давялося адшпiлiць пасы i ўстаць. Гэта было апошняе, што памятаў Каручы. Падзеi, згодна з заключэннем спецыялiстаў, верагодна, адбывалiся так: iмкнучыся адладзiць апарат Каручы, Фехнер адчынiў кабiну, вiдаць, таму, што над нiзкiм купалам яму было цесна. Гэта было мажлiва, бо кабiны ў падобных машынах не герметычныя, яны проста засцерагаюць ад ападкаў i ветру. Пад час гэтых манiпуляцый кiслародны апарат Фехнера, вiдаць, сапсаваўся, вучоны ў амаль непрытомным стане вылез праз люк i звалiўся ў Акiян.
