
Такая вось гiсторыя першай ахвяры Акiяна. Пошукi цела - у скафандры яно не магло патануць - не далi нiякiх вынiкаў. Зрэшты, мо яно i плавала дзе-небудзь: у экспедыцыi не было магчымасцi ўважлiва даследаваць тысячы квадратных мiль вадкай пустынi, якая амаль заўсёды ахiнута пасмамi туману.
Да змяркання - я вяртаюся да падзей таго дня - усе выратавальныя машыны вярнулiся назад, за выключэннем вялiзнага грузавога гелiкаптэра, на якiм вылецеў Бертан.
Бертан з'явiўся над Базай амаль праз гадзiну пасля таго, як сцямнела, калi за яго пачалi ўжо турбавацца. Бертан знаходзiўся ў стане нервовага шоку; ён самастойна выбраўся з гелiкаптэра, але адразу ж пачаў уцякаць; калi яго спрабавалi затрымаць, ён плакаў i крычаў; для мужчыны, за плячыма якога семнаццаць гадоў касмiчных палётаў, часам у сама цяжкiх умовах, гэта было неверагодна.
Дактары дапускалi, што Бертан таксама атруцiўся. Нават калi ён адносна супакоiўся, то нiяк не згаджаўся выйсцi з унутраных адсекаў галоўнай ракеты экспедыцыi i не асмельваўся падысцi да iлюмiнатара, з якога быў вiдаць Акiян; ён заяўляў, што хоча падаць рапарт аб сваiм палёце. Ён даказваў, што гэта надзвычай важна. Савет экспедыцыi вывучыў рапарт Бертана i прыйшоў да высновы, што ён народжаны хворым розумам, якi атручаны атмасфернымi газамi. Таму рапарт быў далучаны не да гiсторыi экспедыцыi, а да гiсторыi хваробы Бертана. Тым усё i скончылася.
Гэта ўсё значылася ў дадатку. Вiдаць, у рапарце Бертана гаворка iшла пра сутнасць справы - што менавiта давяло пiлота дальняй касмiчнай экспедыцыi да нервовага зрыву. Я зноў пачаў перабiраць кнiгi, але "Малы Апокрыф" знайсцi не ўдалося. Я адчуваў усё большую стомленасць, таму адклаў пошукi на заўтра i выйшаў з кабiны. Калi iшоў мiма алюмiнiевага трапа, на прыступках заўважыў водблiскi святла, якое падала зверху. Значыць, Сарторыус усё яшчэ працуе! Я вырашыў, што павiнен зайсцi да яго.
