
Наверсе было значна цяплей. У шырокiм нiзкiм калiдоры гуляў лёгкi ветрык. Палоскi паперы трапяталiся ля вентыляцыйных адтулiн. Дзверы галоўнай лабараторыi ўяўлялi тоўстую плiту з непалiраванага шкла ў металiчнай раме. Знутры шкло было затулена нечым цёмным; святло прасочвалася толькi праз вузкiя iлюмiнатары пад столлю. Паспрабаваў адчынiць дзверы. Як я i думаў, яны не паддавалiся. У лабараторыi панавала цiша, час ад часу нешта цiха пасвiствала напэўна, газавая гарэлка. Я пастукаў - нiякага адказу.
- Сарторыус! - паклiкаў я. - Доктар Сарторыус! Гэта я, навiчок, Кельвiн! Хачу з вамi пабачыцца, калi ласка, адчынiце дзверы!
Цiхае шамаценне, быццам нехта ступаў па скамечанай паперы, i зноўку цiшыня.
- Гэта я, Кельвiн! Вы ж пра мяне чулi! Я прыляцеў з "Праметэя" некалькi гадзiн таму! - гукаў я ў шчылiну, якую ўтваралi дзверы i металiчная рама. Доктар Сарторыус! Тут нiкога няма, акрамя мяне! Я адзiн! Адчынiце.
Маўчанне. Пасля цiхае шамаценне. Праз некалькi хвiлiн выразнае бразганне металiчных iнструментаў аб металiчны латок. I раптам я аслупянеў. Пачулiся дробныя крокi, нiбыта гэта ступалi малыя ножкi: здавалася, што з падскокам бегла дзiця. Або... або нехта надзвычай удала iмiтаваў гэта, стукаючы па нейкай пустой, з добрым рэзанатарам, кардонцы.
- Доктар Сарторыус!!! - гукнуў я. - Адчынiце вы цi не?!
Адказу не было, толькi зноў гэты дзiцячы тупат i адначасова з iм некалькi хуткiх, ледзь чутных шырокiх крокаў, нiбыта чалавек iшоў на пальчыках. Але калi гэта так, то не мог жа ён адначасова iмiтаваць дзiцячыя крокi? "А якая мне да гэтага справа?" - падумаў я i, не стрымлiваючы свайго шаленства, гукнуў:
- Доктар Сарторыус!!! Я ляцеў сюды шаснаццаць месяцаў не для таго, каб удзельнiчаць у вашай камедыi!!! Лiчу да дзесяцi. Пасля гэтага выб'ю дзверы!!!
Я сумняваўся, цi здолею гэта зрабiць.
