Рэактыўны струмень газавага пiсталета не надта моцны, але я меў намер рашуча выканаць сваю пагрозу, нават калi б давялося шукаць узрыўчатку, якой на складзе, напэўна, было дастаткова. Толькi не здавацца, толькi не гуляць у гэтыя пазначаныя шаленствам карты, якiя падсоўвае мне сiтуацыя.

Пачуўся такi шум, нiбыта за дзвярыма бiлiся або нешта перасоўвалi, затым пасярэдзiне на паўметра рассунулася штора на фоне матавых, нiбыта пакрытых шэранем дзвярэй, з'явiўся высокi цень, i хрыпаты дыскант прамовiў:

- Я адчыню, але абяцайце, што вы не зойдзеце.

- Тады навошта адчыняць? - закрычаў я.

- Я выйду да вас.

- Добра. Абяцаю.

У замку заскрыгатаў ключ, пасля цёмны сiлуэт, якi закрываў палову дзвярэй, захiнуў штору; там працягвалася нейкая валтузня, я чуў трэск, нiбыта перасоўвалi драўляны столiк, нарэшце светлая плоскасць прачынiлася, i Сарторыус выслiзнуў у калiдор. Ён стаяў перада мной, засланяючы дзверы. Сарторыус быў надзвычай высокi i худы, здавалася, што пад крэмавым трыкатажным касцюмам адны косцi. На шыi чорная хустка; цераз плячо перакiнуты складзены папалам, прапалены хiмiкатамi ахоўны лабараторны фартух. Надзвычай вузкая галава схiлена набок. Амаль палову твару захiналi засцерагальныя акуляры, i я не мог убачыць яго вочы. Нiжняя скiвiца вытыркалася наперад, губы былi сiняватыя, вялiзныя вушы, таксама сiняватыя, здавалiся адмарожанымi. Ён быў няголены. На запясцях вiселi антырадыяцыйныя пальчаткi з чырвонай гумы. Так i стаялi мы, пазiраючы адзiн на аднаго з непрыхаванай непрыязнасцю. Яго рэдкiя валасы (здавалася, ён сам сябе падстрыгаў) былi алавянага колеру, няголеная барада - сiвая. Лоб загарэў, як у Снаўта, але толькi да паловы. Вiдаць, на сонцы заўсёды хадзiў у нейкiм каптуры.

- Я слухаю, - прамовiў ён нарэшце.

Мне падалося, што ён не так чакае, што я скажу, як, прыцiскаючыся спiнай да шкла, увесь час напружана прыслухоўваецца да таго, што адбываецца ў лабараторыi. Я не ведаў, з чаго пачаць, каб не сказаць глупства.



38 из 186