- Навошта я варушыўся, - пашкадаваў Шабанаў.

- Апараты раскажуць, што трэба, - супакоiў Корзун.

- Не, я заўважыў бы больш. Хоць ты паўтары дослед.

Паказалася жоўтае дно. I тут яно нагадвала бераг - пясчанае, без прыкмет якой-небудзь раслiннасцi. Рыбы, не спыняючыся, плылi далей з вялiкай хуткасцю.

Нарэшце рух рыб запаволiўся. На экране з'явiлiся нагрувашчваннi каменняў, якiя зблiзку аказалiся гротамi. Цi то рыбы жылi тут, цi што iншае было, кiнаапараты не ўлавiлi. Вiдаць, рыбы перасталi падтрымлiваць Шабанава, i ён апусцiўся на дно, бо па экране ў гэты час прабеглi цёмныя палосы. Потым зноў праяснела.

Шабанаў ляжаў ля ўвахода ў грот. Рыбы трохi пакруцiлiся каля яго i паплылi некуды. I зноў палосы прабеглi па экране.

- Навошта было цябе несцi? - усмiхнуўся Корзун.

- Ты таксама, напэўна, пабываў на гэтым дне. Хаця!.. - Шабанаў здзiўлена паглядзеў на таварышаў. - Здаецца, успомнiў. - Ён адвярнуўся ад экрана. - Зараз мяне перанясуць да другога грота. Там ля ўвахода будзе кучка цi то водарасцяў, цi то тутэйшых актынiй.

- Праўда! - падхапiўся Савацееў.

Па экране трэцi раз прайшлi палосы.

- Успомнiў! Га? - дзiвiўся сам Шабанаў.

Перанёсшы яго, рыбы доўга не вярталiся. Амаль увесь дзень. I столькi ля экрэна прасядзелi касманаўты, баючыся лрапусцiць якую-небудзь дэталь.

- Шкада, што не вiдаць майго цела, - сказаў Шабанаў задумлiва. Што-небудзь яшчэ ўспомнiў бы.

- Глядзi, глядзi! - перапынiў яго Савацееў.

Падплыла рыба, павiсла нерухома, паводзячы плаўнiкамi, як сом вусамi. Вочы - вузкiя шчылiны - паблiсквалi чырванаватымi агеньчыкамi. Праз некаторы час рыба варухнула носам кучку водарасцяў i зноў замерла. Неўзабаве да яе далучылiся яшчэ дзве. Звёўшы галовы ў адно месца, яны быццам раiлiся. Шабанаў аж засмяяўся, такiм недарэчным здалося яму гэтае меркаванне. I раптам рыб пабольшала. Яны зноў утварылi кальцо. Шабанаў адарваўся ад дна, i рыбы рушылi ў дарогу.



12 из 16