Мора хвалявалася. Вяртаўся Шабанаў ужо ноччу. Рыбы паводзiлi сябе цяпер неспакойна. Частка iх адлучылася, закруцiлася ўсё хутчэй i хутчэй. Пасярод круга ўзнiкла варонка, якая ўсё павялiчвалася. I тады ў вiр кiнулiся астатнiя рыбы. А на экран з вялiкай хуткасцю пачаў наплываць чорны бераг.

Калi Шабанаў апынуўся на грэбнi хвалi, нi варонкi, нi рыб апараты ўжо не ўбачылi. Толькi хвалi, як ашалелыя, адна за другой накочвалiся на бераг. А адтуль, перабiраючы механiчнымi нагамi, выходзiлi робаты.

- Падарожжа закончана! - Шабанаў устаў i жартаўлiва пакланiўся.

- Кiнь ты, - скрывiўся Савацееў, - табе ж самому не да жартаў. Лепш окажы, ты зразумеў, што гэта?

- Жыццё!

- Сам бачу. А якое жыццё - разумнае, неразумнае?

- Магу сказаць, - пасур'ёзнеў Шабанаў. - Узровень развiцця - невысокi, на маю думку, iмi кiруе iнстынкт, як i ў зямных. Так, так, - перабiў ён Корзуна, якi хацеў запярэчыць. - Самi памяркуйце, як усё адбылося. Рыбы палiчылi мяне за свайго сабрата, якога мора выкiнула на бераг. Гэта пагражае гiбеллю. Яны спрабуюць устанавiць з iм кантакт, падбадзёрыць, цi што. Адсюль мае трызненнi. Вiдаць, мы карыстаемся прыкладна аднолькавымi бiятокамi. Самi яны на бераг выйсцi не могуць, але ўмеюць, у вынiку доўгага развiцця, выкарыстоўваць сiлу мора. Бачылi, якi вiр утварылi? А потым, калi я не ачуняў i пад вадой, не дакрануўся да ежы, яны, зразумеўшы сваю памылку, выкiнулi мяне назад. Што на тое месца - выпадкова.

- Ага! - усклiкнуў Савацееў.

- Не лавi на слове. На Зямлi ж ёсць iстоты, у якiх такiя паводзiны выклiкаюцца iнстынктам. Тыя ж самыя дэльфiны.

- На Зямлi ёсць. А тут iншае. - Савацееў ад хвалявання не мог уседзець на месцы i закрочыў па цесным пакойчыку, лавiруючы памiж крэсламi i прыборамi. - Давайце ўспомнiм усё з самага пачатку. Рыбы ўмеюць падпарадкоўваць сабе мора. Яны заўважылi, што ты не крануў ежу. Тады што яны робяць? Збiраюцца i абмяркоўваюць становiшча. Iменна абмеркавалi i панеслi цябе назад. Яны ведалi, што ты чужы. Толькi гэтым можна растлумачыць, што ты нiчога не помнiш - звычайная перасцярога. Ты цяпер не зможаш, каб i хацеў, прывесцi каго-небудзь цi прыйсцi назад сам. Напэўна, у рыб ёсць ворагi, бо яны ўвесь час пiльнуюць нас.



13 из 16