Шабанаў глядзеў на экран, якi свяцiўся роўным зеленаватым святлом, i чакаў, што вось зараз апраўдаецца меркаванне Савацеева i пад пластом пяску яны ўбачаць Корзуна. Шабанаў не хваляваўся. Гэта быў бы не такi ўжо дрэнны варыянт - Корзун хоць i ў лёгкiм герметычным касцюме, але мог бы пратрымацца i больш часу, кiслароду хапала яшчэ гадзiн на дзесяць.

Нiводная iскарка не патрывожыла аднастайнае мiгценне экрана. Пясок быў аднародны, без староннiх прадметаў на многiя метры ўглыб. Робаты яшчэ пакружылi навокал, штораз даследуючы большую плошчу, i павярнулi назад.

Бадай толькi цяпер Шабанаў у поўнай меры ўсвядомiў, што здарылася. Раней яму здавалася, што гэта нейкi жарт з боку Корзуна, або калi i ёсць тут нейкая таямнiца, то яна бяскрыўдная. Ён паглядзеў на мора. Яно было па-ранейшаму спакойнае, а яму ўжо ўяўлялася грозным. Што ён можа сказаць пэўнага аб гэтай магутнай i нечакана варожай сiле, якая скандэнсавана ў агромнiстай масе вады? Нiчога. А гэтая ж сiла можа проста падмяць чалавека, не пакiнуўшы нiякага следу. Магчыма, вось так, як здарылася з Корзунам. I што наогул яны ведаюць пра Сiрэну?

Месяц назад зоркалёт "Памiр" зрабiў пасадку на Сiрэне. Планета мела атмасферу з даволi высокiм утрыманнем кiслароду, ваду, блiзкую па сваiх хiмiчных уласцiвасцях да зямной, i разам з тым была пазбаўлена складаных арганiчных форм жыцця. Дзiўна было глядзець на высокiя голыя горы, пясчаныя пустынi, акружаныя з усiх бакоў морамi.

Мёртвая планета, цiкавая сваiмi атмасфернымi з'явамi. Адзiная ў сваiм родзе ў сiстэме Альтаiра. Людзi вывучалi яе будову, шукалi прычыны, якiя растлумачылi б рэзкiя змены ў надвор'i. I раптам здарэнне, якое пагражала абярнуцца трагедыяй, Трэба было наладжваць пошукi, а людзi не ведалi, адкуль iх пачынаць.

Шабанаў адчапiў ад пояса бiнокль, паднёс яго да вачэй. Мора было пустыннае, толькi водблiскi далёкай рабiзны раз-пораз узнiкалi ў палiраваных лiнзах.



3 из 16