
Пасько вярнуўся да машыны, закадзiраваў пытанне i, стрэлiўшы ракетай, якая вынесла ўгару зонд-антэну, перадаў дэпешу на "Валдай". Адказ-радыёiмпульс прыйшоў роўна праз тры хвiлiны. А яшчэ праз пятнаццаць секунд Пасько прачытаў: "Зоркалёт сiстэмы КЗСХ. Два не вярнулiся адпаведна 186 i 172 гады назад. Першы ляцеў да Альфы Цэнтаўра, другi - да Сiрыуса".
Гэтыя звесткi не вельмi праяснiлi абстаноўку. Тое, што зоркалёт не вярнуўся на Зямлю, вiдавочна i так. Трэба было спадзявацца толькi на сябе. I Пасько зноў пачаў думаць, што ж рабiлi яго таварышы далей. Хутчэй за ўсё, пазнаўшы зямны зоркалёт, яны паспяшалiся дайсцi да яго. Гэта зусiм зразумелы парыў, але iменна ў iм, магчыма, i таiлася сама небяспека.
Горы, стромкiя i велiчна спакойныя, высачэзнай сцяной дыбiлiся на тым баку катлавiны. Нi Пунтус, нi Марцалiс не паспелi б да iх нават дабрацца за такi час, ды ў гэтым не было патрэбы. Iх шлях, безумоўна, ляжаў да зоркалёта - праз плато, пасечанае скаламi i расколiнамi. Толькi тут iх i трэба шукаць.
Узвалiўшы на плечы скрынку з радыёперадатчыкам i запасам зондаў-антэн i прычапiўшы да пояса плазменны нож, якi пры выпадку мог паслужыць i зброяй, Пасько з лакатарным шукальнiкам у руках рушыў напрасткi праз плато да цяснiны.
На нейкi час серабрысты купал знiк з вачэй, заслонены каменным эскарпам. Пасько апынуўся ў цемры, прыцiшыў хаду i з зайздрасцю глядзеў на ружовыя вяршынi. Лiхтар даваў мала карысцi, ён асвятляў толькi маленькi кружочак пад нагамi. Пасько падумаў, што, можа, недзе побач, у якой-небудзь расколiне i знайшлi свой апошнi прытулак яго таварышы, спяшаючыся, як i ён, да зоркалёта.
