
Нарэшце святло пранiкла i ў цяснiну. Наўкола ўсё заiскрылася мiрыядамi кропелек-вясёлак. Пасько аж зажмурыўся. Калi яго вочы пад акулярамi светафiльтраў прывыклi да яркага святла, ён узабраўся на блiжэйшы выступ i ўважлiва агледзеў наваколле. Таварышы маглi iсцi толькi гэтым шляхам, бо абочыны былi зусiм непраходныя. Але нiшто яму не нагадвала, што тут калi-небудзь праходзiў чалавек, - нiкiм не кранутая цалiна, маўклiвыя суровыя каменнi...
Пасько пералiчыў запас зондаў-антэн i, падумаўшы, паслаў на базу сiгнал: "Нiчога новага". Атрымаўшы адказ, уздыхнуў i пайшоў далей.
Зоркалёт адкрыўся раптоўна, як толькi цяснiна перайшла ў катлавiну. Да яго заставалася метраў шэсцьсот, бадай, яшчэ больш няроўнага i небяспечнага шляху. Пасько не адрываючыся глядзеў на горды профiль зоркалёта, што схiлiўся вунь там, над безданню, i, нават нахiлены, захаваў iмклiвасць сваiх лiнiй. Якая прыгажосць! Пасько мiмаволi захапляўся тварэннем чалавечага генiя i адчуваў, як раптоўны прыступ тугi сцiскае сэрца.
Зоркалёт выглядаў як жывы, але смяртэльн'а паранены асiлак. Блiскучая металiчная абшыўка там-сям не вытрымала выпрабаванняў прасторы - чужая атмасфера, метэарыты пакiнулi свае адбiткi на яго некалi люстраной паверхнi.
Пасько перабраўся на суседнюю скалу, панарама агляду павялiчылася. Зоркалёт стаў бачны амаль да кiля. I Пасько заўважыў тое, што дагэтуль было схавана ад яго i што ўразiла яго да глыбiнi душы. Вузкая трэшчына чорнай змяёй паўзла па корпусе знiзу ледзь не да палавiны цела карабля. Гэта, напэўна, i азначала катастрофу. Мо даўнюю, а мо i зусiм нядаўнюю.
Зноў яго першым парывам было бегчы як найхутчэй да карабля. I зноў Пасько прымусiў сябе стрымацца. Пунтус i Марцалiс нiбы стаялi перад яго вачыма. Ён падумаў, што тыя, напэўна, пабеглi да яго напрасткi. Гэта было лагiчна. Але яны не ведалi, што не вернуцца. А ён гэта ведаў i абавязан быў узважваць кожны крок.
Пасько прысеў на камень, зменшыў напружанне электрычнага ацяпляльнiка ў скафандры.
