
У Пасько былi дзве магчымасцi, каб распачаць пошукi. Адна, больш пэўная, - пайсцi да зоркалёта, другая - агледзець мясцовасць вакол карабля. Ён быў упэўнены, што з зоркалёта пачыналi таварышы, прынамсi, адзiн з iх, хутчэй за ўсё Пунтус, першы. Пунтус не вярнуўся. Гэта павiнна было насцярожыць Марцалiса, i той, асцерагаючыся чагосьцi невядомага i небяспечнага, напэўна, не пайшоў напрасткi, а выбраў кружны шлях - больш доўгi i больш пэўны. I таксама не вярнуўся. Значыць, любая дарога хавае роўную долю пагрозы. Пасько ўздыхнуў i пайшоў напрасткi.
Нялёгка было заўважыць сляды каго-небудзь з касманаўтаў у гэтым каменным гушчары. Позiрк мiмаволi накiраваўся ў бок горнага хрыбта. Зараз пад яркiмi праменнямi ён здаваўся намнога прыгажэйшым, чым тады, калi яго Пасько бачыў з раўнiны. У беспаветраным асяроддзi скалы былi на дзiва рэльефныя, без паўценяў, афарбаваныя ў дзiвосныя колеры. Любуючыся iмi, Пасько, аднак, не забываў, што за гэтым хараством таiлася нешта яшчэ, i пра гэта ён не меў права забывацца.
Да зоркалёта было недалёка. Каб не бачыць трэшчыны ў корпусе, якая напамiнала аб аварыi, Пасько крыху збочыў улева. Адсюль карабель здаваўся амаль цэлым, гатовым да скачка ў бязмежныя прасторы Сусвету. Пасько закрочыў хутчэй, нiбы i сапраўды баяўся спазнiцца на старт.
Каменныя нагрувашчваннi сустракалiся ўсё часцей, пераходзiлi ў суцэльныя завалы. Па выступах у скалах, штохвiлiнна саслiзгваючы нагамi, ён ледзь узабраўся на вяршыню каменнай грады. Аддыхаўшыся, асцярожна высунуў галаву i не ўтрымаўся, падхапiўся. Зусiм недалёка, тулячыся да падножжа высокага ўцёса, нiбы хаваючыся, ляжаў чалавек, апрануты ў скафандр. Пасько бачыў толькi яго ногi.
