______________

* Арэалогiя - навука аб Марсе.

Цяпер жа ўсведамленне таго, што ён знаходзiцца сам-насам з чужой прыродай, адрэзаны ад усяго, што было на Зямлi, падарвала раптам яго ўпэўненасць. Запозненае пачуццё рамантыкi, якой веяла ад расказаў касманаўтаў пра свае прыгоды, кранула сэрца. Балачан падумаў, што ўсё-такi гэта добра - ступiць нагой на пясок iншай планеты, пастаяць пад промнямi яе сонца.

- Балачан, дзе ты? Чаму спынiўся?

Ён уздрыгнуў, пачуўшы гэты голас, i тут жа засмяяўся. Яму стала крыху сумна: Марс, аказваецца, стаў ужо дастаткова цывiлiзаваны. Балачан уздыхнуў, шкадуючы, што рамантыка так хутка скончылася, i пайшоў да дарогi.

Будынак архiва знаходзiўся на беразе вялiкага кратэра. Перш чым увайсцi ў сярэдзiну, Балачан доўга стаяў над адхонам. Вiдовiшча было нi з чым не параўнанае. Выбух буйнога метэарыта, утварыўшы кратэр, агалiў глыбiнныя пароды. Нават удалечынi яны не хавалiся за смугой, за паўценямi. Рознакаляровыя, яны зiхацелi пад сонечнымi праменнямi, як далёкiя зоркi. Ясная, да болю ў вачах кантрасная карцiна. Балачану падумалася, што ён пачынае разумець тых, хто, пабываўшы ў прасторы, iмкнецца вярнуцца туды зноў. Таiлася ў чужых планетах магутная прываблiвая сiла.

Шчыра кажучы, Балачан не чакаў вельмi многага ад сваёй работы ў архiве. I на Зямлi, i тут апрацоўкай паведамленняў зоркавых экспедыцый займалася вялiкая група вучоных, спецыялiстаў. Час ад часу яны знаходзiлi што-небудзь цiкавае, важнае. На такi поспех Балачан не разлiчваў. У яго было больш сцiплае заданне, абмежаванае палётам "Чырвонай маланкi".

Некаторыя матэрыялы аб гэтай экспедыцыi Балачан вывучаў яшчэ на Зямлi. Шмат што, асаблiва пра яе экiпаж, расказаў Касай. Маршрут зоркалёта ляжаў да Палукса. Трыццаць пяць светлавых гадоў туды, трыццаць пяць назад. Балачан ведаў каманду "Чырвонай маланкi" так добра, што iншы раз яму здавалася, быццам ён асабiста быў знаёмы з кожным.



4 из 11