
Iх было дваццаць пяць, адданых космасу, адважных i самаахвярных. Касай ганарыцца iмi. А Балачан успрымаў iх подзвiг неяк раздвоена. Ён аддаваў iм данiну, як людзям, якiя, магчыма, аддалi ўсё, што мелi, на карысць чалавецтву. I ён часам лавiў сябе на думцы, што не ўпэўнены, цi была патрэбная iх ахвяра чалавецтву.
Балачан не выпадкова выбраў раннюю касмiчную гiсторыю. У той час людзi ўпершыню здолелi вырвацца з зямнога прыцягнення, дасягнулi суседнiх планет. Прастору Сонечнай сiстэмы, як некалi зямныя акiяны, перасякалi караблi новых касмiчных Калумбаў. Напэўна, многiя з сучасных ведаў чалавека аб прыродзе былi здабыты менавiта тады. Але ўжо ў той час чалавека павiнна была насцеражыць адна акалiчнасць. Людзi дабралiся нават да Плутона. I ўсюды бачылi адно i тое ж: мёртвую пустыню. Планеты рознiлiся толькi ў будове цi знешнiм выглядзе. Распалены пясок, халодны газ або чорныя непрыветныя скалы. Варыянтаў шмат - сутнасць адна.
Энтузiязм дваццаць першага стагоддзя, калi тэхнiка дазволiла чалавеку трывала асталявацца ў космасе, Балачан тлумачыў спрадвечнай марай людзей пра сустрэчу з сабе падобнымi. Адсутнасць жыцця на планетах сваёй сiстэмы не паменшыла гэтага ўздыму - наперадзе былi палёты да iншых сонцаў i iншых планет. Тады верылi, што там будзе iнакш. Але мiналi дзесяцiгоддзi, а Зямля заставалася адзiным светлым кутком сярод чорнай маўклiвай прасторы, якая з кожнай новай экспедыцыяй адсоўвала свае межы ўсё далей i далей. Дык цi не варта спынiць гэтыя пошукi! Яны надта дорага каштуюць чалавецтву, адбiраючы i выдатных вучоных, i вялiкiя матэрыяльныя сродкi.
