Балачан недзе чытаў, што ператварэнне Марса ў прыгодную для жыцця планету накшталт Зямлi эквiвалентна па затратах пабудове i экiпiроўцы дваццацi зоркалётаў. Мажлiва, гэта i перабольшанне, але доля iсцiны ў iм ёсць. Балачан ведаў, што гэту ягоную думку не падзяляе большасць зямлян. Таму i працягваюць адпраўляцца з месячных касмадромаў зоркалёты. Аднак быў упэўнены, што некалi людзi спахопяцца. Ён будзе адным з тых, хто ўрэшце дакажа iм неабходнасць гэтага. I частку такiх доказаў ён сабярэ тут, працуючы над дыпломнай.

Сховiшчы Цэнтральнага архiва ўразiлi Балачана агромнiстым аб'ёмам самай разнастайнай iнфармацыi. I ён не ўтрымаўся - перш чым пачаць работу над сваёй тэмай, патрацiў цэлы дзень на прагляд запiсаў, якiя датычылi папярэднiх перад "Чырвонай маланкай" экспедыцый, Гэта быў велiчны i драматычны гiмн чалавеку i яго розуму. Перад Балачанам на экране праходзiлi сцэны будзённага жыцця на зоркалётах, запiсаныя i перасланыя сюды з далёкага космасу. Як на тое, яму трапiлiся дзённiкi менавiта тых экiпажаў, якiя перасталi паведамляць пра сябе. Тады яны жылi i верылi, што вернуцца, прынясуць на Зямлю вялiкiя тайны Галактыкi. Балачан iх назiраў менавiта такiмi - спакойнымi, упэўненымi. Але ён ужо ведаў, што яны не вернуцца. I было да болю ў сэрцы тужлiва ад лаканiчных каментарыяў да здымкаў: "Планета, падобная на Марс", "А гэта як наш Сатурн, толькi без кальца"... Потым былi iншыя словы: "Дзiм захварэў", "Баркун загiнуў", "У Рана i Нэi нарадзiлася дачка"... Жыццё для iх там iшло, быццам зоркалёт i не адрываўся ад роднай планеты.

Пазней, калi Балачан заняўся "Чырвонай маланкай", ён не мог забыцца на прагледжаныя паведамленнi. Яны нiбы прыгняталi яго, загадзя афарбоўваючы новыя матэрыялы ў змрочны колер. Тым болей што лёс гэтага зоркалёта быў, вiдаць, такi ж, як i тых, што ў час не вярнулiся.

Апошнi рапарт "Чырвонай маланкi" станцыя дальняй сувязi прыняла яшчэ тры гады таму назад. Экспедыцыя наблiзiлася да Палукса. Балачан вельмi хацеў зразумець, чаму гэта перадача была апошняй. I ён пачаў з яе, спадзеючыся, што, мажлiва, ужо тады астралётчыкi прадбачылi што-небудзь небяспечнае.



6 из 11