Ажыў экран, i нехта прамовiў: "Яркае жоўтае свяцiла мае адзiнаццаць планет. Тры з iх абарочваюцца амаль па кругавой арбiце. Пяць маюць атмасферу". Балачан механiчна адзначыў, што там могуць быць умовы для жыцця, а сам думаў: чый гэта голас? Крыху стомлены, спакойны, разважлiвы. Як у Шарэпы ў той дзень, калi ён выступаў перад зямлянамi на старце свайго карабля. Балачану ён запомнiўся стрыманасцю, якая так не адпавядала ўрачыстай ! хвалюючай хвiлiне. Быццам не чалавек гаварыў, а кiбернетычны робат. Няўжо ён не змянiўся за гэты час? Няўжо нават блiзкая мэта не выклiкала ў iм эмоцый? Балачан слухаў i дзiвiўся, пакуль раптам не зразумеў, што гэта не Шарэпа, а Гай. Астраном i штурман. I тады здзiвiўся яшчэ болей. У голасе Гая знiклi жартаўлiвыя ноткi. Або ён пасталеў i пасур'ёзнеў, або яны там развучылiся смяяцца?

Балачан перарваў перадачу i паставiў папярэднюю, якая прыйшла за паўгода да апошняй, спрабуючы ў ёй знайсцi прычыну перамены ў характары штурмана. Аднак нiшто не давала нават намёку на гэта. Перадача была звычайная. У справаздачы аб жыццi i дзейнасцi экiпажа не ўпамiналiся нiякiя канфлiктныя падзеi.

Адчуваючы, як у iм нарастае неспакой - быццам, разгадаўшы прычыну, ён мог бы чым-небудзь дапамагчы камандзе "Чырвонай маланкi" - Балачан вярнуўся да апошняга паведамлення.

Зноў на экране заблiшчалi планеты-зорачкi, раскiданыя вакол свайго сонца.

"Мы пачнём з восьмай. Тры апошнiя нагадваюць Плутон".

"Як заўсёды", - з расчараваннем адзначыў Балачан, бо яшчэ толькi ўчора чуў гэта з iншых крынiц некалькi разоў. Ён ведаў, што пасля гэтага абяцання з карабля адправяцца ракеты. Спачатку з робатамi, потым, калi дазволяць умовы, - з людзьмi. А што яны там убачылi, так i застанецца невядомым.



7 из 11