
У адказ на гэта пачуўся страшны брэх знадворку, i дзевяць вялiзных сабакаў з абабiтымi бляхай ашыйнiкамi ўварвалiся ў гумно. Яны кiнулiся проста на Сняжка, якi адно што паспеў адскочыць убок i ўхiлiцца ад iх вострых зубоў. Праз момант ён быў ужо за дзвярыма, i сабакi беглi за iм. Знямеўшы ад страху i здзiўлення, усе жывёлы выйшлi паглядзець на пагоню. Сняжок бег праз доўгi выган у бок гасцiнца. Ён бег, як толькi можа бегчы свiння, але сабакi былi ўжо ў яго на пятах. Раптам ён паслiзнуўся, i здалося, што зараз яны схопяць яго. Але ён падхапiўся i пабег яшчэ хутчэй, аднак сабакi зноў амаль яго дагналi. Адзiн з iх ужо блiзка не схапiў зубамi Сняжкоў хвост, але Сняжок паспеў вырвацца. Тады ён дадаў яшчэ крыху спрыту i, пад самым носам у сабакi, шуснуў праз дзiрку ў жываплоце, i больш яго нiхто ўжо не бачыў.
Маўклiвыя i напалоханыя, жывёлы забралiся назад у гумно. Праз хвiлiну вярнулiся сабакi. Спачатку нiхто не мог даўмецца, адкуль узялiся гэтыя стварэннi, але хутка знайшлася разгадка: гэта былi тыя самыя шчаняты, якiх Напалеон забраў ад матак i гадаваў асобна. Хоць яшчэ i маладыя, гэта былi ўжо вялiзныя сабакi, якiя злавесным выглядам нагадвалi ваўкоў. Яны трымалiся каля Напалеона. Было заўважана, што яны вiлялi хвастамi яму гэтаксама, як некалi iншыя сабакi вiлялi мiстэру Джоўнзу.
Напалеон, за якiм iшлi сабакi, узышоў на прыўзнятую пляцоўку, дзе некалi стаяў Маёр, каб выступiць з прамовай. Ён абвясцiў, што ад гэтага часу нядзельныя ранiшнiя Сходы адмяняюцца. Яны непатрэбныя, сказаў ён, i толькi забiраюць час. У далейшым усе пытаннi жыццядзейнасцi фермы будуць вырашацца адмысловым свiным камiтэтам з iм самiм на чале. Яны будуць збiрацца за зачыненымi дзвярыма i пасля будуць паведамляць iншым пра свае пастановы. Жывёлы будуць па-ранейшаму збiрацца кожную нядзелю ранiцай, каб прывiтаць сцяг, праспяваць "Звяры Брытанii" i атрымаць загады на тыдзень; але нiякiх спрэчак i абмеркаванняў больш не будзе.
Нягледзячы на ўзрушэнне, выклiканае выгнаннем Сняжка, жывёлы былi збянтэжаныя гэтым паведамленнем.
