Некаторыя з iх нават i запярэчылi б, калi б знайшлi неабходныя аргументы. Нават Баксёр быў нямала ўсхваляваны. Ён падцiснуў вушы, колькi разоў трасянуў грывай i паспрабаваў спарадкаваць свае думкi; але ўрэшце ён так i не знайшоў што сказаць. Некаторыя свiннi, аднак, выразней выявiлi сваю пазiцыю. Чатыры маладыя парсюкi, што сядзелi наперадзе, незадаволена завiшчалi i ўсе чацвёра ўскочылi на ногi i пачалi гаварыць усе разам. Але раптам сабакi, што сядзелi вакол Напалеона, пагрозлiва загыркалi, i свiннi змоўклi i селi на свае месцы. Тады авечкi забляялi сваё жахлiвае "Чатыры нагi добра, дзве нагi дрэнна", бляянне цягнулася амаль чвэрць гадзiны i паклала канец усяму абмеркаванню.

Пасля гэтага Вiскун быў упаўнаважаны прайсцiся па ўсёй ферме i растлумачыць усiм астатнiм новы парадак.

- Таварышы, - казаў ён, - я спадзяюся, што кожны з вас цэнiць ахвярнасць таварыша Напалеона, якi ўзяў на сябе гэты дадатковы цяжар. Не думайце, таварышы, што быць правадыром - гэта нешта прыемнае! Наадварот, гэта вялiкая i цяжкая адказнасць. Нiхто не верыць так глыбока, як таварыш Напалеон, што ўсе жывёлы роўныя. Ён быў бы толькi шчаслiвы даць вам магчымасць вырашаць самiм за сябе. Але ж часам вы маглi б прымаць няправiльныя рашэннi, таварышы, i што б тады было? Уявiце, што вы маглi б вырашыць падтрымаць Сняжка з ягонымi бязглуздымi ветракамi - Сняжка, якi, як мы цяпер ведаем, быў проста крымiнальнiкам.

- Ён мужна змагаўся ў Бiтве пры Хляве, - сказаў нехта.

- Адной мужнасцi мала, - сказаў Вiскун. - Адданасць i паслухмянасць значна важнейшыя. А што да Бiтвы пры Хляве, дык я думаю, прыйдзе час, калi выявiцца, што роля Сняжка ў ёй была значна перабольшаная. Дысцыплiна, таварышы, жалезная дысцыплiна! Вось лозунг сённяшняга дня. Адзiн памылковы крок, i вораг будзе тут. Бо праўда, таварышы, вы ж не хочаце, каб вярнуўся Джоўнз?

Зноў жа гэты аргумент быў неаспрэчны. Вядома ж, жывёлы не хацелi, каб вярнуўся Джоўнз; калi правядзенне спрэчак нядзельнымi ранiцамi магло б спрычынiцца да яго вяртання, гэтыя спрэчкi варта было спынiць.



31 из 79