Баксёр, якi цяпер паспеў ужо сёе-тое абдумаць, выказаў агульны настрой, сказаўшы: "Калi гэтак кажа таварыш Напалеон, значыць, гэта праўда". I з таго часу ён узяў сабе за прымаўку "Напалеон заўсёды кажа праўду" ў дадатак да свайго асабiстага дэвiзу "Я буду працаваць яшчэ старанней".

Тым часам надвор'е перамянiлася i пачалося вясновае ворыва. Паветка, у якой Сняжок маляваў свае чарцяжы, была замкнёная, i лiчылася, што гэтыя чарцяжы былi сцертыя з падлогi. Кожную нядзелю ранiцай а дзесятай гадзiне жывёлы збiралiся ў вялiкiм гумне, каб атрымаць загады на тыдзень. Чэрап старога Маёра, цяпер ужо зусiм голы, выкапалi з магiлы ў садзе i прычапiлi на калку каля флагштока, побач са стрэльбай. Пасля ўзняцця сцяга жывёлы мусiлi ўрачыстым шыхтам прайсцiся мiма чэрапа, перш чым увайсцi ў гумно. Цяпер яны ўжо не сядзелi ўсе разам, як некалi раней. Напалеон з Вiскуном i яшчэ адным парсюком, якога звалi Малятка i якi меў незвычайны талент складаць песнi i паэмы, сядзелi наперадзе на прыўзнятай пляцоўцы, вакол iх паўколам сядзела дзевяць маладых сабак, а iншыя свiннi сядзелi ззаду. Астатнiя жывёлы сядзелi насупраць iх у сярэдзiне гумна. Напалеон чытаў загады на тыдзень, складзеныя ў грубым вайсковым стылi, i пасля аднаразовага адспявання "Звяроў Брытанii" ўсе жывёлы разыходзiлiся.

Трэцяе нядзелi пасля выгнання Сняжка жывёлы з немалым здзiўленнем пачулi паведамленне Напалеона, што вятрак усё ж будзе пабудаваны. Ён не падаў нiякiх прычынаў гэткай змены сваiх намераў, а проста папярэдзiў жывёлаў, што гэтае дадатковае заданне будзе вымагаць вельмi цяжкае працы; магчыма нават, што давядзецца скарацiць харчовыя нормы. Усе праекты былi ўжо падрыхтаваныя да апошняй драбнiцы. Адмысловы свiны камiтэт працаваў над iмi на працягу трох тыдняў. Прадугледжвалася, што пабудова ветрака, разам з iншымi перадавымi пераменамi, зойме два гады.



32 из 79