
Гэтым вечарам Вiскун тлумачыў прыватна iншым жывёлам, што Напалеон у сапраўднасцi нiколi не быў супраць ветрака. Наадварот, якраз ён баранiў гэтую iдэю з самага пачатку, а чарцёж, якi Сняжок намаляваў на падлозе ў iнкубатары, быў выкрадзены з Напалеонавых папер. Такiм чынам, вятрак быў вынаходкай самога Напалеона. Чаму ж тады, спытаўся нехта, ён так зацята выступаў супраць яго? На гэта Вiскун з аблуднай усмешкай адказаў, што гэта была наўмысная хiтрасць таварыша Напалеона. Ён рабiў выгляд, што выступае супраць ветрака, хочучы проста пазбавiцца ад Сняжка, якi быў небяспечны элемент i дрэнна ўплываў на астатнiх. Цяпер, калi Сняжок прыбраны з дарогi, гэты праект можна было смела ажыццяўляць, не баючыся ягоных падкопаў. Гэта, сказаў Вiскун, называецца тактыкай. Ён паўтарыў некалькi разоў: "Тактыка, таварышы, тактыка!", скачучы навокал, круцячы хвастом i весела смеючыся. Жывёлы не ведалi дакладна, што значыць гэтае слова, але Вiскун гаварыў так пераканаўча, а тры сабакi, што выпадкова апынулiся пры iм, вурчэлi так пагрозлiва, што яны пагадзiлiся з яго тлумачэннямi без лiшнiх пытанняў.
VI
Увесь гэты год жывёлы працавалi, як рабы. Але яны былi шчаслiвыя; яны не шкадавалi сiлы i ахвотна iшлi на ахвяры, бо добра ведалi, што ўсё, што яны рабiлi, было для iх самiх i для тых пакаленняў, якiя прыйдуць пасля iх, а не для жменькi лайдакоў i зладзеяў, што ходзяць на дзвюх нагах.
Усю вясну i лета яны працавалi шэсцьдзесят гадзiн на тыдзень, а ў жнiўнi Напалеон паведамiў, што яны будуць працаваць таксама i ў нядзелi пасля абеду. Праца гэтая была строга добраахвотная, але любая жывёлiна, што самачынна адхiлялася ад працы, пазбаўлялася паловы сваёй харчовай нормы. I нават пры гэткiх умовах ад некаторых работ давялося адмовiцца. Ураджай быў крыху горшы, чым летась, i два палеткi, якiя планавалi засеяць караняплодамi на пачатку лета, засталiся незасеяныя, бо iх спазнiлiся ўзараць. Можна было прадбачыць, што ферму чакала цяжкая зiма.
Вятрак дадаваў штораз новых нечаканых цяжкасцяў.
