На ферме былi добрыя паклады вапняку, а ў адной баковачцы знайшлося шмат пяску i цэменту, так што ўсе будаўнiчыя матэрыялы былi пад рукою. Але праблемаю, якую спачатку жывёлы нiяк не маглi вырашыць, было, як разбiць камянi на кавалкi патрэбных памераў. Здавалася, што гэта нельга было зрабiць iнакш, як з дапамогаю кiркi i лома, якiмi нiводная жывёла не магла карыстацца, бо нiводная жывёла не магла стаяць на заднiх нагах. Толькi пасля некалькiх тыдняў марных намаганняў некаму прыйшла ў галаву разумная думка - выкарыстаць сiлу прыцягнення. Вялiзныя валуны, занадта вялiкiя, каб iх можна было ўжыць, параскладалi на дне кар'ера. Жывёлы абвязвалi iх вяроўкамi, i тады ўсе разам, каровы, конi, авечкi - усе, хто мог учапiцца за вяроўку, у крытычныя моманты да iх далучалiся нават свiннi - цягнулi ўгору з безнадзейнай павольнасцю да самага краю кар'ера, адтуль iх спiхалi, i яны разбiвалiся ўнiзе на кавалкi. Перавозiць бiтае каменне было параўнаўча лёгка. Конi цягнулi яго на вазах, авечкi валаклi асобныя кавалкi, нават Мюрыэль i Бэнджамiн упрэглiся ў лёгкую двухколку i везлi сваю долю. Пад канец лета сабралася дастатковая колькасць камення, i тады пад наглядам свiнняў пачалося будаўнiцтва.

Гэта была марудная i цяжкая праца. Часта бывала, што цэлы дзень iшоў на тое, каб нязмернымi намаганнямi зацягнуць адзiны валун на край кар'ера, i часам, калi яго спiхвалi ўнiз, ён не разбiваўся. Нiчога нельга было б зрабiць, калi б не Баксёр, чыя сiла, здавалася, была роўная сiле ўсiх астатнiх жывёлаў разам узятых. Калi валун слiзгаў унiз i жывёлы, якiх цягнула за iм з гары, пачыналi крычаць ад роспачы, Баксёр заўсёды напружваўся i спыняў валун. Нельга было глядзець без захаплення, як ён, з цяжкасцю адольваючы кожную цалю, узыходзiў на гару, як дыханне яго пачашчалася, як ён чапляўся за зямлю вострымi краямi падкоў, як ягоныя бакi макрэлi ад поту. Канюшынка часам папярэджвала яго, каб ён бярогся i не перясiльваўся, але Баксёр нiколi яе не слухаў. Два ягоныя дэвiзы "Я буду працаваць яшчэ старанней" i "Напалеон заўсёды кажа праўду" здавалiся яму вычарпальным адказам на ўсе пытаннi. Ён дамовiўся з пеўнiкам, каб той будзiў яго ранiцай не на паўгадзiны, а на тры чвэрцi гадзiны раней. А ў свае вольныя хвiлiны, якiх цяпер ужо выпадала небагата, ён звычайна iшоў адзiн да кар'ера, набiраў бiтага камення i без чужой дапамогi цягнуў яго да месца, дзе меўся стаяць вятрак.



34 из 79