
Цяпер, калi Вiскун апiсаў тыя падзеi гэтак вiдавочна, жывёлам здалося, што яны сапраўды памятаюць гэта. Ва ўсялякiм разе, яны памяталi, што ў сама крытычны момант бiтвы Сняжок павярнуўся i пабег. Але Баксёр усё яшчэ быў крыху збянтэжаны.
- Я не веру, што Сняжок быў здраднiкам на самым пачатку, - нарэшце сказаў ён. - Што ён рабiў пасля - гэта ўжо iншая справа. Але я веру, што пад час Бiтвы пры Хляве ён быў добрым таварышам.
- Наш Правадыр таварыш Напалеон, - заявiў Вiскун, гаворачы вельмi павольна i выразна, - катэгарычна сцвярджае - катэгарычна, таварыш, - што Сняжок быў агентам Джоўнза ад самага пачатку - так, i нават задоўга да таго, як было задумана само Паўстанне.
- А, ну гэта iншая справа! - сказаў Баксёр. - Калi гэтак кажа таварыш Напалеон, значыць, так яно i ёсць.
- Вось гэта правiльныя словы, таварыш, - закрычаў Вiскун, але ўсе заўважылi, што ён неяк вельмi нядобра паглядзеў на Баксёра сваiмi мiрглiвымi вочкамi. Ён павярнуўся, каб пайсцi, пасля спынiўся i дадаў шматзначна: Папярэджваю ўсiх жывёлаў на гэтай ферме: будзьце пiльныя. Бо ў нас ёсць усе прычыны меркаваць, што хтосьцi з сакрэтных агентаў Сняжка хаваецца ў гэты момант сярод нас!
Праз чатыры днi, надвячоркам, Напалеон загадаў усiм жывёлам сабрацца ў двары. Калi яны ўсе сышлiся разам, Напалеон выйшаў з сядзiбы, аздоблены абодвума сваiмi медалямi (бо незадоўга перад тым ён узнагародзiў сябе медалямi "Жывёла-Герой" першага класа i "Жывёла-Герой" другога класа), з сваiмi вялiзнымi сабакамi, што круцiлiся вакол яго i гыркалi так, што ў жывёлаў дрыжыкi беглi па спiнах. Яны маўклiва скурчылiся на сваiх месцах, нiбы загадзя адчуваючы, што зараз адбудзецца нешта страшнае.
Напалеон стаяў i сурова разглядаў прысутных, пасля раптам пранiзлiва завiшчаў. Сабакi зараз жа кiнулiся наперад, схапiлi чатырох свiнняў за вушы i пацягнулi iх да ног Напалеона, не зважаючы на iх страшны вiск ад болю i страху.
