
У хуткiм часе сумятня сцiхла. Чатыры свiннi чакалi, дрыжучы, усiм сваiм выглядам прызнаючы сваю вiну. Напалеон запрапанаваў iм павiнiцца ў сваiх злачынствах. Гэта былi тыя самыя чатыры парсюкi, якiя пратэставалi, калi Напалеон адмянiў нядзельныя Сходы. Без лiшняй прынукi яны прызналiся, што трымалi сакрэтную сувязь з Сняжком ад самага часу яго выгнання, што супрацоўнiчалi з iм у справе разбурэння ветрака i што ўвайшлi ў пагадненне з iм з мэтаю перадаць Ферму Жывёлаў мiстэру Фрэдэрыку. Яны дадалi, што Сняжок патаемна прызнаўся iм, што ён доўгiя гады быў сакрэтным агентам Джоўнза. Калi яны скончылi сваю споведзь, сабакi тут жа на месцы разарвалi iм глоткi, i Напалеон страшным голасам запытаўся, цi хто яшчэ не хоча ў чым-небудзь прызнацца.
Тры курыцы, што верхаводзiлi няўдалым яечным бунтам, выйшлi наперад i засведчылi, што Сняжок з'явiўся iм у сне i намовiў iх не слухацца Напалеонавых загадаў. Яны таксама былi забiтыя на месцы. Тады выйшла гуска i прызналася, што схавала шэсць пшанiчных каласкоў пад час леташняга жнiва i з'ела iх уначы. Тады адна авечка прызналася, што набруiла ў ставок з пiтной вадою - яна сказала, што яе на гэта падбiў Сняжок, - а яшчэ дзве авечкi павiнiлiся ў тым, што загубiлi старога барана, вельмi адданага прыхiльнiка Напалеона, тым, што ганялi яго, хворага на кашаль, вакол вогнiшча, пакуль ён не памёр. Усе яны былi забiтыя на месцы. I так чарада прызнанняў i пакаранняў працягвалася, пакуль каля ног Напалеона не ляжала ўжо цэлая гара мёртвых целаў i паветра не напоўнiлася смуродам крывi, невядомым на ферме з часоў выгнання Джоўнза.
