Далёкiя скальныя нагрувашчваннi ўяўлялiся хвойнымi купiнамi, асобныя магутныя валуны гмахамi, з акон якiх зусiм нядаўна лiлiся яркiя электрычныя струменi. Iмкненне на чужой планеце заўсёды шукаць зямнога падабенства, уласцiвае, наколькi ведаў Балачан, усiм касманаўтам, здзiўляла яго. Аднак i яго самога, аказваецца, яно не абмiнула. Няўжо ён, не заўважаючы, сумуе па Зямлi? А можа, гэта проста ўнутраная перакананасць, што няма ў Сусвеце нiчога лепшага, дасканалейшага, чым усё зямное? I цi не перашкаджае гэта людзям на чужых планетах, дзе шмат што не ўкладваецца ў гатовыя меркi? Напэўна, Тарасевiч, падслухаўшы яго думкi, не стрымаў бы яхiднай рэплiкi: "Мудрэц". Бадай, гэта было б справядлiва. Зараз не час для самакапання...

У цяснiне, куды Балачан збочыў, было цёмна. Ён запалiў лiхтар, скiраваўшы прамень пад ногi, прыслухаўся. Дзьмуў вецер, напэўна, па тутэйшых вымярэннях шалёны - яго ледзь прыкметнае супрацiўленне Балачан адчуў з вялiкай прыемнасцю. Узнiк у шлемафоне i посвiст, амаль нячутны, але ўсё роўна жаданы, быццам даносiўся з комiна якой-небудзь паляўнiчай хаткi, якiя пакiнуты на Зямлi для аматараў прыроды. Зноў яго мозг шукаў i знаходзiў прывычныя аналогii, i гэта пачало злаваць Балачана.

Ён прайшоў цяснiну аж да наступнай далiны, потым завярнуў у суседнюю, у апошнюю, трэцюю. Недзе побач з iм у гэты час нараджалiся i жылi шорахi, Камай пра iх адразу паведамляў. А яму здавалася, што ў цемры цяснiны нiчога пабочнага не iснуе. Напэўна, ён падумаў гэта ўголас, бо Камай спытаў:

- Ты нешта сказаў?

- Як там у цябе?

- Звычайна, - няўпэўнена адказаў Камай.

- А дакладней? - Балачан заўважыў яго ваганнi.

- Пры тваiм наблiжэннi шорахi быццам прападаюць i потым узнiкаюць ужо за тваёй спiнай. Але я не ўпэўнены...

Не паспеў Балачан абдумаць гэту акалiчнасць, як у шлемафоне прагучала:

- Гэй, вы, вартаўнiкi зданяў! Пiльнуеце?

Тарасевiч не спаў. I Балачан адразу дараваў яму i скептыцызм, i насмешлiвасць.



10 из 20