
- Мудрэц, - тонам Тарасевiча паўтарыў Камай i спытаў: - Мне на станцыю цi з табой?
- Твая чарга дзяжурыць, значыць, на станцыю. А я паспрабую парушыць тваю iнструкцыю. Як ты глядзiш на гэта?
- Табе не дакажаш. Але хоць не пакiдай гравiлёта, - ён са студэнцкай пары з павагай ставiўся да iмя Балачана i таму не адчуваў за сабой права аспрэчваць яго рашэннi, нават нечаканыя, нелагiчныя.
Балачан моўчкi кiўнуў галавой. Не мог ён сказаць клапатлiваму таварышу, што яго парада пустая. Бо якая рознiца - сядзець на станцыi цi ў кабiне гравiлёта? А яму было важна на свае вочы паглядзець начную далiну, пакратаць каменнi пальцамi, адчуць ледзь улоўны посвiст ветру ў вузкiх цяснiнах. I шорахi. Каб можна было пачуць iх уласным вухам, без пасрэднiкаў - прыбораў. Менавiта пачуць, а не разглядаць iх перакладзенымi на мову лiчбаў i графiкаў, быццам прэпарыраванымi. Але пра гэта ён можа толькi марыць. Астаткавая атмасфера Каменнага мячыка не толькi моцна разрэджана, а i адрознiваецца ад зямной. Так што, мажлiва, дарэмна ён ломiцца ў адчыненыя дзверы - нават выйшаўшы з кабiны, ён, пазбаўлены тых самых прыбораў, якiя саступаюць чалавечаму мозгу, убачыць i зразумее яшчэ менш.
Гэта быў не надта аптымiстычны вывад, i ўся iстота Балачана пратэставала супраць яго. Пагадзiцца з iм - значыць прызнаць, што ёсць мяжа, за якую чалавеку не пераступiць.
Апоўначы Камай паведамiў, што прыборы зноў адзначылi з'яўленне шорахаў. Балачан адразу ж выехаў з базы. Апынуўшыся над далiнай, ён бясшумна апусцiў гравiлёт, прытулiў яго пад скалой. Потым схамянуўся, засмяяўся. Усё-такi дзейнiчае iнстынкт самааховы: хiба нельга было пакiнуць гравiлёт пасярод далiны? Павесялелы Балачан лёгка пераскочыў цераз борт.
Начная далiна аказалася таксама прыгожай. Скупое адлюстраванае святло, якое пасылала на Каменны мячык суседняя планета, не пакiдала паўценяў, i гэта стварала iлюзiю прывычнасцi, натуральнасцi. Быццам знаходзiўся Балачан у Гiмалаях, а з неба свяцiў самы звычайны Месяц.
