
- Слухай, - тым часам гудзеў Тарасевiч, звяртаючыся да Камая, - прыкрый свае лакатары, дай чалавеку пацешыцца натуральнай прыродай.
Балачан уявiў сабе, як усю прастору цяснiн пранiзваюць зараз, нiбы павуцiнне, нябачныя выпраменьваннi панастаўленых на навакольных вяршынях прыбораў, i падумаў, што ў парадзе ёсць сэнс. Спадзявацца на чалавечыя здольнасцi, дык да канца. Хаця наўрад цi што гэта магло даць.
- Выключай, - на ўсякi выпадак падтрымаў ён Тарасевiча, - не трэба мяне страхаваць.
- Ёсць, - коратка падпарадкаваўся Камай. А Балачан нiбы адчуў наяве, як раптам апалi нябачныя промнi-павуцiнкi. Аж у галаве зазвiнела ад уяўнай пустаты.
- Не баўся, аднак, - напаследак параiў Камай, - хутка свiтанне.
Балачан зiрнуў на гадзiннiк. Сапраўды, ужо мiнула нямала часу, хутка пара вяртацца, а ён усё яшчэ не прыдумаў, як яму дзейнiчаць, што шукаць у гэтых цяснiнах. Усё навокал было ходжана-пераходжана. Але i стаяць на месцы не выпадала, i ён патушыў лiхтарык. Пайшоў у другi канец далiны, рашыўшы, што больш не будзе заходзiць у цяснiны. Ён абмiнуў адну, другую, а перад трэцяй спынiўся, дзiвячыся, чаго раптам яму так карцiць збочыць у гэту трэцюю цяснiну. I неспадзявана для сябе ўсё-такi павярнуў.
Планета-суседка перамясцiлася на небасхiле i цяпер вiсела ўжо над галавой. У цяснiне крыху пасвятлела, яе сцены халодна паблiсквалi, як пакрытыя серабрыстым iнеем.
Дала аб сабе знаць стома. Балачан адшукаў невялiкi каменны выступ i прысеў. Навокал лютаваў мароз, а яму было цёпла, утульна. Быццам знаходзiўся ён не ў гарах, а ў салоне зоркалёта. Таго самага, на якiм ляцеў сюды. Навейшага галактычнага лайнера. Гэта цуд сучаснай тэхнiкi. Нават забываеш, што ты ў прасторы. Часам здаецца, што невялiкi зямны гарадок накрылi каўпаком, падрэзалi знiзу i зрушылi з месца. Менавiта такiмi ўяўляюцца калiдоры-вулiцы зоркалёта, пышны сквер на цэнтральнай плошчы, што побач з камандзiрскай рубкай, басейн-возера з праточнай вадой.
