
- Трэба ж! - засмяяўся Балачан.
Таварышы, якiя моўчкi сачылi за эфiрам, адразу адгукнулiся.
- Што ты? - спытаў Тарасевiч.
- Задрамаў, цi што, - весела адказаў Балачан, - прыхiлiўся i... Можа, нават храпака даў, га, не чулi?
Пасмяялiся, i ўсё. А калi назаўтра Балачан зноў сабраўся ў далiну, Тарасевiч пажартаваў:
- На каменным сеннiчку мякчэй спiцца.
- Вазьмi падушку, - дадаў Камай.
Балачан толькi пасмiхаўся. Кпiны таварышаў мелi падставу - яму давядзецца не спаць яшчэ адну ноч. Трэнiроўка - трэнiроўкай, а галава будзе не вельмi ясная. Разам з тым ён не мог паслаць каго iншага. Ён пачаў ужо ўжывацца ў асяроддзе, i яму будзе лягчэй заўважыць любую перамену, калi яна здарыцца. Адно толькi - не было ў яго пэўнай думкi: весцi адначасова назiраннi са станцыi цi не. Хаця Тарасевiч так i не растлумачыў, чаму ён параiў Камаю выключыць прыборы, Балачан чамусьцi быў упэўнены, што ў парадзе ёсць пэўны сэнс. Таму сказаў Тарасевiчу:
- Пабудзь сёння на базе.
- Мiстыка! - абурыўся Камай.
