
Ён паглядзеў на стол, за якiм звычайна сядзела Джэз. Яе там не было. Потым ён убачыў, як яна выйшла з тэлефоннай кабiны i накiравалася да стала Грына, трымаючы ў руках некалькi капiрак. Нешта сказала Грыну. Той кiўнуў некалькi разоў i запiсаў штосьцi ў блакноце. Потым глянуў на Джэз i ўсмiхнуўся. Макгiр сваiмi вачыма ўбачыў, як Грын памахаў ёй рукой, што азначала яго афiцыйнае "Дабранач".
Яна падышла да свайго стала, узяла ручнiк i сумачку з верхняй шуфляды i пачала прабiрацца сярод сталоў да дамскай прыбiральнi.
...Узяць хоць бы Джэз... Яна была галоўная альбо адной з прычын таго, што жыццё праходзiла мiма. Ён быў эгаiстычны з Джэз, i праз некаторы час яна проста вылажыла яму сваю незадаволенасць. Усё было скончана. "Нам абаiм ужо даўно пара падумаць пра шлюб", - сказала яна. "Неабавязкова памiж намi, але з гэтага часу шукай сабе другую дзяўчыну цi займiся мiс Элiзабет". Нiякай асаблiвай прычыны на тое, каб ён не жанiўся з Джэз, не было. Ён нежанаты, пытанне наконт фiнансаў не паўставала, бо дзяцей у Джэз не магло быць i ёй не прыйшлося б кiдаць работу, а ў яго яшчэ было восем тысяч даляраў, што засталiся ад мацi. Яго здзiвiла, што Джэз прыняла гэта так блiзка да сэрца, што яе адносiны да яго так i не сталi цяплейшыя. Яна называла яго Мак, але адмаўлялася выпiць з iм, пайсцi разам на Катарыну Корнел цi ўзяць у яго цыгарэту. Ён павiнен быў прызвычаiцца да гэтага i доўгi час думаў, што гэта яму ўдалося. Пасля быў дзень нараджэння, а тут яшчэ Джэз з яе халоднасцю, i ён зразумеў, што жыццё праходзiць мiма.
Але зноў жа, справа была не ў нечым адным, а ва ўсiм разам. Ён кiдаў работу ў рэдакцыi не з-за Джэз цi таму, што апiсваў жыццё горада i штата, не прымаючы ў iм удзелу, альбо з прычыны таго, што ўчора ў капiтолii, у кафетэрыi сената, памёр ад сардэчнага прыступу сенатар Сэм Фокс.
