
- Якi скразняк, калi ўсе вокны зачыненыя? - засумнявалася каханка.
- Тады я не разумею, што адбылося, - сказаў ён, калi надзяваў нагавiцы.
- А можа, нам падалося, што дзверы адчынiлiся, а на самай справе яны i не адчынялiся зусiм? - разважала яна, калi стаяла на адной назе i нацягвала калготкi.
Мужчына запалiў цыгарэту.
- А можа, гэта быў Дамавiк? - спытала каханка.
- Сапраўды, Да-ма-вiк, - мужчына выпусцiў струмень дыму ў столь.
- А чаму ён не зайшоў? - усмiхнулася каханка.
- Ты яму не спадабалася.
Каханка пакрыўдзiлася, сабралася i сышла.
Мужчына зачынiў замок ды засаўку.
XII. ЧАРАЎНIК
На местачковай вулiцы хлопцы здзекавалiся з неразумнага Антака.
- Антак, Антак, бяжы за намi! - крычалi яны i рабiлi выгляд, што бягуць.
Той спрабаваў бегчы, але скалечаныя хваробаю ногi чаплялiся за зямлю, i ён падаў у пыл. Хлопцы рагаталi, падымалi нябогу i крычалi:
- Антак, Антак, бяжы! Давай вучыся. Глядзi, як мы робiм.
Неразумны спачатку iшоў. Галаву ён прытрымлiваў рукою, бо тая не трымалася на шыi, падала на плячо. Потым Антак, раптоўна ўцямiўшы, што ад яго патрабуюць, адпускаў галаву, размахваў рукамi i, высока ўскiдваючы ногi, бег. Прабягаў Антак тры-чатыры крокi i нiбыта развальваўся на кавалкi галава адкiдвалася на спiну, рукi разляталiся, ногi падкурчвалiся... Хлопец спынiўся i закрычаў:
- Хлопцы! Не трэба! Спынiцеся! Ён жа заб'ецца!
Хлопец крычаў, Антак з астатнiмi рагатаў. I ў гэты момант выскачыла на вулiцу Антакава мацi.
- Што ж вы робiце? Цi ж вы людзi, цi не?
Кабета падняла з зямлi свайго сына i пачала абтрасаць пыл. Хлопцы ўцяклi, толькi той, што прыдумаў вучыць нябогу бегаць, стаяў пасярод вулiцы.
- Дзякуй, што заступiўся. А то бачыш, што панавыдумлялi?! Хадзi сюды, нешта скажу.
Хлопец падышоў. Кабета ўзняла руку i дакранулася да хлопцавай стрыжанай патылiцы:
