- Табе балiць галава. Ты чуеш, як табе моцна забалела галава?

Хлопец адчуў, як у яго забалела ў скронях.

- Чуеш?

- Так, - ледзь выцiснуў з сябе перапалоханы хлопец.

Кабета паклала далонь на хлопцаву патылiцу i сказала:

- А цяпер не балiць.

I сапраўды, перапалоханы адчуў прахалодную далонь i боль у скронях знiк.

- А цяпер слухай, i ты так можаш рабiць. Калi ў каго забалiць галава, дык прыкладзi хвораму да патылiцы, i боль праз цябе пройдзе ў зямлю. Гэта самае моцнае, што я табе аддаю. А яшчэ ты так можаш лячыць маркоту. I будзеш ты Чараўнiком. Гэта табе мая падзяка. Але Чараўнiком ты будзеш нядоўга, пакуль з Дзеўкаю не пагуляеш.

Кабета павяла свайго Антака ў адзiн канец вулiцы, а Чараўнiк пайшоў у другi.

Праз тры гады пасля таго вулiчнага здарэння Чараўнiк скончыў школу i паехаў у расейскi горад паступаць ва ўнiверсiтэт. Ехала паступаць шмат местачкоўцаў, а паступiлi толькi ўдваiх - Чараўнiк ды ягоная аднакласнiца габрэйка.

Па дарозе ў расейскi горад з аднакласнiцаю адбылося пераўтварэнне, з Iрмы Розенкранц яна зрабiлася Iрынаю Стрыжонак. Пра гэты цуд ва ўнiверсiтэце ведаў толькi Чараўнiк. У iнтэрнацкiм калiдоры габрэйка папрасiла Чараўнiка, каб ён нiкому нiчога не казаў пра яе паходжанне. Чараўнiк паабяцаў, што, вядома, не скажа, i, каб запэўнiць яе, дакрануўся да патылiцы. Габрэйка змянiлася з твару - з заклапочанай яна стала вясёлаю i нечакана прапанавала пайсцi пагуляць у горад.

Габрэйка вяла Чараўнiка старымi вулкамi, пакуль не звярнула ў цёмны пад'езд. Яны ўзнялiся на другi паверх i прайшлi доўгiм калiдорам. Яна адчынiла дзверы, i Чараўнiк зайшоў у вялiкi пакой.

- Ты ведаеш, дзе мы?

- Не, я тут нiколi не быў. Пэўна, iнтэрнат нейкi?

- Iнтэрнат, - габрэйка засмяялася, - публiчны дом. Ты ведаеш, я не хачу жыць у iнтэрнаце, не хачу вяртацца ў нашае мястэчка, я хачу застацца жыць у гэтым горадзе, знайсцi сабе расейца, прыгожага i разумнага, спакусiць яго, выйсцi за яго замуж, нарадзiць дзiця... Я шмат чаго хачу. I яшчэ я не хачу быць габрэйкай.



18 из 126