- Але ж ты габрэйка.

- Пра гэта ў гэтым горадзе ведаеш толькi ты.

- А ты што, не ведаеш?

- Я?! - яна засмяялася i пачала распранацца. - Я не ведаю.

Чараўнiк адвярнуўся i падышоў да акна, якое глядзела ў двор на памыйнiцу з кантэйнерамi i бачкамi.

- Ты што, саромеешся?

Чараўнiк адчуў, што чырванее.

- Я не магу, - сказаў ён да бачкоў i кантэйнераў.

- Ты проста не ўмееш, я навучу, - габрэйка падышла i абняла яго.

Чараўнiк страцiў свае здольнасцi i стаў звычайным студэнтам унiверсiтэта. Габрэйка вельмi ўдала выйшла замуж за супрацоўнiка КДБ. Калi экс-чараўнiк пасля заканчэння вучобы прыехаў у сваё мястэчка, каб наведаць бацькоў, тыя расказалi, што неразумны Антак памёр, а ягоная мацi з'ехала невядома куды.

XIII. ШРЫФТАВIК

Шрыфтавiк выконваў адказнае даручэнне, рабiў памятныя граматы. Работа iшла шпарка, i майстар быў упэўнены, што хутка скончыць заказ. Але калi ён узяў лiтрасет, дык убачыў, што патрэбных лiтараў на iм не хапае. Шрыфтавiк шэптам вылаяўся, апрануўся i выйшаў з дома. Ён абышоў усе, што ведаў, крамы, дзе раней набываў лiтрасеты, - марна. Калi Шрыфтавiк выйшаў з унiвермага "Беларусь", дык вылаяўся ўголас i гучна. А калi з яго вылятала апошняе брыдкае слова, ён раптам знайшоў вырашэнне праблемы.

Шрыфтавiк вярнуўся ў аддзел канцылярскiх тавараў. Размаляваная гандлярка глядзела на майстра, як мiнiмум, цынiчна.

- Прабачце, калi ласка, - дзеравяным языком пачаў той. - Я мастак i працую над афортамi. А тут раптам бачу вас i... Нават паверыць сабе не магу. Вы якраз той вобраз, якi доўга шукаў. Можа, калi вы не супраць, я намалюю ваш партрэт.

- Гэта ты сур'ёзна? - цынiзм змянiўся на недавер.

- Вядома, сур'ёзна. Дык вы не супраць. Я спадзяюся...

- А што я буду за гэта мець? - недавер змянiўся на цiкаўнасць.



19 из 126