
- Калi ласка, - дазволiў Масавiк.
Актор раскiнуў доўгiя рукi i магнiтафонным голасам сказаў:
- Ты мая далiгойла.
Акторка стала на дыбачкi, выструнiлася i прашаптала гучна, на ўсю залю, як i належыць, каб нават студэнты на балконе пачулi, вядома, калi прыйдуць:
- Ты мой абiзгал.
Абнялiся актор з акторкаю нязмушана, так, што нават Масавiку спадабалася. Актору было прыемна абдымаць акторку, яна падабалася яму. А вось ён, чамусьцi, ёй зусiм не падабаўся.
- Ласкава, - карэкцiраваў Масавiк.
- Твае вусны, як лулы, - пайшла рэплiка акторкi.
- Твае вочы, як жырдагоны, - актор не патрапiў у танальнасць, i замест "ласкава" ў яго атрымалася "сентыментальна i са слязою".
- Мы з табою нiбыта бусайлы, - у адзiн голас вымавiлi акторы i пацалавалiся. Яму было, вядома, салодка, а ёй, пэўна ж, горка.
- Тэмперамент! Дзе ваш тэмперамент? - абурыўся Масавiк, нiбыта яго хвалявала рэпетыцыя.
У п'есе была рэмарка - яны кусаюцца. Замест таго, каб сыграць укус, актор моцна пацалаваў акторку, а яна па-сапраўднаму ўкусiла актора за шчаку i крыкнула:
- Каб на цябе жырандоля грымнула!
- Каб ты кроўю смяялася, - млява адказаў той i пацёр кулаком пакусаную шчаку.
- Выразнасць! - Масавiк ударыў даланёю па мяккiм крэсле.
Акторы разбеглiся ў розныя куткi сцэны.
- А каб ты астыў, ты! - з натуральнай злосцю атрымалася ў акторкi, бо яна кахала Масавiка.
- А каб тваю труну зямля выкiнула! - з расейскiм акцэнтам крыкнуў актор, бо ён толькi першы год iграў у беларускiм тэатры i калi хваляваўся, дык быў не здатны сачыць за вымаўленнем.
