
Аднойчы ўвечары ён з'явiўся з рассечанай шчакой - ад скронi да падбародка.
- Ведаеце, няшчасны выпадак, - прамармытаў ён.
- Што вы кажаце?! - з'едлiва перапытаў я - такiм дурным здалося мне яго тлумачэнне.
- Так, няшчасны выпадак, - адчаканiў ён, нiбы даючы клятву.
Пасля гэтага Галабэр увесь час маўчаў, пакуль не падышла яго чарга iсцi да мiкрафона.
З таго дня ён перастаў галiцца, спадзеючыся, што шчацiнне прыкрые рубец на шчацэ. Паступова Галабэр зарос неахайнай жоўта-рудою барадой, i ад гэтага яшчэ больш дзiкiм здаваўся яго блукаючы позiрк. А што да яго перадач, то яны станавiлiся ўсё больш i больш недарэчнымi. Урэшце я мусiў сказаць яму пра гэта. Асцярожна падбiраючы словы, каб, крый бог, не пакрыўдзiць чалавека, я далiкатна папрасiў яго выказвацца карацей, прасцей, гаварыць толькi пра канкрэтныя рэчы, i галоўнае - нiякiх iдэй. Iдэi - гэта зусiм не тое, што патрэбна на радыё. Не помню добра, якiя выразы я ўжываў, але чамусьцi пасля гэтай размовы я зноў адчуў сябе вiнаватым. Адзiнае, што ён дазволiў сабе адказаць:
- Я ўлiчу вашы парады.
У голасе прагучала такая сляпая пакорлiвасць, што я прасякся да яго цiхай нянавiсцю.
На другi дзень ён не прыйшоў на работу ў прызначаны час. Я нават падумаў, што ён увогуле больш сюды нiколi не пакажацца. Але тут адчынiлiся дзверы, i ў рэдакцыю, ледзьве дыхаючы, убег Галабэр. Нельга было губляць нi секунды. Лiтаратурная супрацоўнiца акурат прыкончвала аднаго ангельскага раманiста, i столькi злосцi было ў яе голасе, што лепшага слова, чым "прыкончыць", тут i не прыдумаеш. Я падштурхнуў Галабэра ў студыю:
- Ваша чарга. I галоўнае, не забывайцеся пра тое, што я вам учора казаў: прастата, праўдзiвасць, выразнасць...
Век помнiць буду тое, што давялося мне пачуць праз некалькi хвiлiн.
Для пачатку, бегучы да мiкрафона, ён перакулiў крэсла. Да мяне данёсся страшэнны грукат. Потым ён усеўся, дастаў з кiшэнi свае запiсы, i ў дынамiку пачулася шамаценне паперы. I так i гэтак круцiў ён свае нататкi, нiбы развучыўся чытаць, i ўсё разгублена паўтараў: "Дарагая, мiлая мадам... дарагая, мiлая мадам..."
