Я глянуў на Бастара Кiтана. Той спакойна сачыў за сваiмi стрэлкамi, быццам усё iшло нармальна. Як толькi Галабэр вымаўляў сваё "Дарагая, мiлая мадам...", стрэлка ўзроўню гуку ўздрыгвала, а потым зноў падала да нуля.

Нарэшце ён рашыўся:

- Дарагая, мiлая мадам, ад мяне патрабуюць, каб я гаварыў з вамi проста, але жыццё маё зусiм няпростае. Сёння я раскажу вам, правiльней, павiнен быў расказаць пра адзiн парыжскi судовы працэс, якi, напэўна, вас усiх зацiкавiць. Гэта вельмi хвалюючая гiсторыя, калi так можна сказаць... Сёння пасля абеду я заняў сваё месца ў ложы прэсы ў трынаццатай зале пасяджэнняў, дзе, як вядома, заслухоўваюцца крымiнальныя справы. Працэс iшоў пад старшынствам месьё Жэрара, пра дабрыню якога па горадзе ходзяць легенды. Праз акуляры ён, як заўсёды, паглядваў у залу сваiмi добрымi i адначасна хiтраватымi вачыма, за што i атрымаў прозвiшча новага Саламона*, калi так можна сказаць... Раптам устае адна прыгожая маладая жанчына са страшэнна бледным тварам i iдзе проста да... калi так можна сказаць... iдзе... калi можна так... Ды што я буду выдумляць? Не быў я на гэтым працэсе. Шэф пасылаў мяне, а я туды не змог пайсцi. Перашкодзiлi мне. Брыжыта перашкодзiла. Сёння ў яе зноў быў прыпадак, i яна не захацела нiкуды адпускаць мяне. Яна ўбiла сабе ў галаву, што ў мяне завялася палюбоўнiца. Я нiяк не мог вырвацца з дому. Калi мяне выганяць з работы, не будзе чым заплацiць за пансiён, i тады нашага сына адправяць дамоў. Хлопчыку давядзецца жыць разам з намi, у гэтым пекле. Я спрабаваў вылезцi праз акно. Вышынi я не баюся. Але нiяк не мог адкрыць зашчапку, i пакуль я з ёю поркаўся, Брыжыта накiнулася на мяне i выхапiла мой кашалёк. Яна дастала адтуль дзве асiгнацыi па тысячы франкаў - гэта ўсё, што я меў, - i парвала iх на дробныя кавалачкi. "Вось цяпер-то ты нiкуды не паедзеш", - крычала яна.



11 из 14