У адчаi я ўдарыў яе. Яна ўпала, а я тым часам выскачыў праз акно i ўцёк. Спадзяваўся даехаць у Парыж на спадарожнай, але нiхто не ўзяў мяне. Чорт яго ведае, можа, гэта мая барада наводзiць страх на людзей... Як так атрымалася, што я ўдарыў яе? Яна ж нi ў чым не вiнаватая. Але ў той момант я сам не ведаў, што раблю. У нас i так было мала грошай, а яны ж так патрэбныя... Перш-наперш для сына, каб трымаць яго ў пансiёне. Навошта яму бачыць, як мы жывём... У рэшце рэшт пайшоў я пехатой. Дарога не блiзкая - добрых 15 кiламетраў, але гадзiны за 3, думаў, зайду. Што i казаць: гэта ж смеху варта - цягнуцца пешшу, у той час калi ёсць электрычкi, аўтобусы, таксi!.. Iшоў я, iшоў i нiяк не мог супакоiцца. А тут бачу: не паспяваю на перадачу. Ну, думаю, цяпер-то я палячу з работы. "Божа, хацелася мне крыкнуць, - за што на мяне такое насланнё?!" Бывае, часам i ў мяне з'яўляюцца думкi, якiя прыносяць спакой i суцяшэнне. I мне падумалася: рана цi позна яна памрэ - i я ўсёй душой жадаю, каб яна памерла, - гэтая жанчына, якую я з такой цяжкасцю заваяваў, так кахаў, так песцiў... Але тут жа я спынiў сябе: а што, калi я памру першы?.. Дык якая мне карысць - спадзявацца на яе смерць... Я пакуль што яшчэ не дадумаўся да забойства, але ў тыя хвiлiны, калi яе вочы налiваюцца не то злосцю, не то вар'яцтвам, я па-сапраўднаму ненавiджу яе... Прыпадкi ў яе становяцца ўсё цяжэйшыя, асаблiва з таго часу, як я перайшоў на радыё. Калi яна бачыць, як я рыхтуюся да перадачы i пiшу тэкст выступлення, яна шалее. Неяк яна прачытала першы сказ майго выступлення: "Дарагая, мiлая мадам..." i адразу падумала, што я пiшу любоўнае пiсьмо сваёй каханцы. Другiм разам, калi яна застала мяне за работай, яна накiнулася на мяне з нажом. Я паспеў прыкрыцца локцем, i лязо распаласавала мне толькi правую шчаку. Таму я цяпер i не галюся, а мая барада перапалохала сёння ўсiх шафёраў. Скончылася тым, што дома я больш нiчога не пiшу. Iду сабе на авеню Мантэня, саджуся на лаўку i крэмзаю свае перадачы.


12 из 14