Галава ў мяне разбалелася, думкi блыталiся. Непрыемнае, трывожнае пачуццё ахапiла ўсю маю iстоту, i я пачынаў ясней i ясней усведамляць, што ў маiх адносiнах да такiх людзей, як Галабэр, было штосьцi фарысейскае. Вось так нечакана адкрыў я для сябе яшчэ адну iстотную рысу, а можа, i самы галоўны недахоп маёй натуры.

- Самае сумнае, - працягваў мой субяседнiк, - што я не адзiн. У мяне жонка i дванаццацiгадовы сын. Дзякуй богу, хлопчык жыве ў пансiёне i не бачыць усяго гэтага.

I тут Галабэр дастаў з кiшэнi шпiльку i пачаў засяроджана калупацца ў зубах...

Мы развiталiся, а мне ўсё больш было не па сабе ад думкi, што я ў нечым вiнаваты перад гэтым чалавекам.

У наступную ноч, скончыўшы перадачу, я зноў убачыў яго ў холе. Ён сядзеў у тым самым крэсле i на гэты раз спаў глыбокiм сном. Мяне гэта так здзiвiла, што я адразу пабудзiў яго. Ён незадаволена расплюшчыў сваё адзiнае вока.

- Добры вечар, - павiтаўся я. - Што вы тут робiце?

Ён выцiснуў з сябе ўхмылачку i адказаў:

- Ну што ж, так i быць, вам я магу ўсё расказаць. Мая жонка страшэнна раззлавалася, калi пачула, што я зноў страцiў работу. Мы пасварылiся, i яна выгнала мяне з дому. Мне не было куды падацца, i я зайшоў сюды.

- Але ж вы нi ў чым не вiнаваты, - разгублена сказаў я.

- Канешне. Ды ведаеце, у яе з нервамi не ўсё ў парадку. Як-нiяк столькi адпакутавала... Ну, а цяпер вось ёй чамусьцi здалося, што я спецыяльна нешта раблю, каб мяне звальнялi з работы... Вось i ўсё, - недарэчна ўсмiхнуўся ён.

Ад гэтай жахлiвай усмешкi я ажно здрыгануўся. Я ўявiў сабе, як пад градам жончыных папрокаў Галабэр вось так усмiхаецца. А гэта, напэўна, прыводзiць у яшчэ большую лютасць i без таго нервовую асобу. Такiя сямейныя сцэны, вiдаць, даўно сталi для яго настолькi звычайнымi, што без iх ён i не ўяўляе сабе нармальнага жыцця. Выкаваў сабе ахоўную браню i сустракае цяпер жончыны наскокi, можа, нават з нейкай патаемнай асалодай.



5 из 14