Доўга я думаў, сумняваўся, цi не занадта шмат на сябе бяру, а ўсё ж такi паабяцаў, што паспрабую пашукаць яму якую-небудзь работу, i папрасiў зайсцi на наступны дзень.

- Можаце так i перадаць жонцы: я зраблю ўсё, каб дапамагчы вам.

Галабэр прызнаўся, што ў яго няма нават ста франкаў, каб даехаць дамоў. Пакуль я прыкiдваў, як лепш даць яму грошай, каб пры гэтым не пакрыўдзiць чалавека, ён сказаў:

- Прашу вас, не судзiце строга маю жонку. Яна не такая ўжо i дрэнная. Толькi што трохi нервовая, але гэта ў яе ад хваробы. Калiсьцi гэта была цудоўная дзяўчына. Зрэшты, i цяпер яна вельмi прыгожая.

Атрымлiвалася, што i прычынай жончынай хваробы быў гэты цыклоп.

Я прапанаваў яму грошы. Ён узяў iх без усялякiх цырымонiй. Штодзённая нястача забiвае сарамлiвасць. Я шчыра хацеў дапамагчы Галабэру, але раптам мне стала вельмi няёмка: я ж даў яму грошы iменна пасля слоў аб прыгажосцi ягонай жонкi...

Буду расказваць карацей i не спыняю ўвагу чытача на тым, як мне ўсё ж такi ўдалося ўгаварыць назаўтра дырэкцыю, што мне патрэбен новы супрацоўнiк. Я павiнен быў прыдумаць i пераканаць у гэтым дырэкцыю, чаго ж не хапае маёй перадачы для далёкiх астравiцян, i не знайшоў нiчога лепшага, чым жаночая рубрыка.

Трэба было мець неверагодную фантазiю, каб хоць на секунду ўявiць, як гэты бадзяга будзе нешта плесцi пра капрызы парыжскай моды. Вось ён у сваiм зашмальцаваным касцюме сядзiць перад мiкрафонам - адно вока заплюшчана, твар за ноч зарос цёмным шчацiннем, - а дзесьцi там, на другiм канцы свету, зграбныя крэолачкi, бестурботна пагойдваючы ножкай, слухаюць яго меркаваннi пра апошнiя знаходкi парыжскага заканадаўцы мод Балянсьяга. У рэшце рэшт, суцяшаў я сябе, яны ж яго бачыць не будуць. Тады я не ведаў яшчэ, што нас яны да таго ж i не чуюць.



6 из 14