Рэкамендуючы адмiнiстрацыi Галабэра, я найбольш нацiскаў на тое, што ў яго прыгожая жонка, а значыць, i сам ён не па чутках ведае, што такое хараство, мода, элегантнасць, сучаснасць i г.д.

Такiм чынам мая перадача ўзбагацiлася жаночай рубрыкай. Не скажу, што мой новы калега з асаблiвым бляскам рабiў сваю справу, але ён вельмi стараўся, бо свята верыў ва ўсемагутнасць слова. Пачынаў Галабэр заўсёды так: "Дарагая, мiлая мадам..." Гэтая бяздарная фраза за час перадачы па два-тры разы злятала з малакрасамоўных вуснаў Галабэра i мела такi ашаламляльны эфект, што я нават не спрабаваў прасiць яго зняць гэты пусты трафарэт. Цяпер кожную ноч даводзiлася мне быць сведкам непаўторнага спектакля: Галабэр не проста чытаў сваё выступленне, а дэкламаваў, суправаджаючы кожнае слова самымi непрадказальнымi жэстамi i грымасамi.

Акрамя мяне i Галабэра, у нашай рэдакцыi былi яшчэ два чалавекi: пануры, змрочны тып, адданы прыслужнiк урада (ён працаваў палiтычным каментатарам), i адна дама, якая вяла лiтаратурныя агляды. Гэтая дама нiколi не разлучалася са сваёй вуалеткай, нават тады, калi выступала перад мiкрафонам. Ах, як хацелася ёй схаваць ледзь прыкметныя вусiкi, якiмi няўмольны час упрыгожваў яе тварык! А была ж пара, калi гэты тварык мог натхнiць самога Райнера Марыя Рыльке*, а разам з iм i аднаго з заснавальнiкаў дадаiзму**, якi так заўчасна пакiнуў гэты свет у шчаслiвыя дваццатыя гады...

* Райнер Марыя Рыльке - выдатны аўстрыйскi паэт (1875-1826).

** Дадаiзм - ад фр. dada - конiк - на мове маленькiх дзяцей. Напрамак у лiтаратуры i мастацтве, якi ўзнiк у 1916 г. у Швейцарыi. З 1919 г. цэнтрам дадаiзму становiцца Парыж. Сваю асноўную задачу дадаiсты бачылi ў татальным адмаўленнi ад традыцыйных форм выяўлення.

Усе астатнiя абавязкi ў рэдакцыi ляжалi на мне. Палiтычны каментатар i лiтаратурная супрацоўнiца адбарабаньвалi перад мiкрафонам свой тэкст i спяшалiся дамоў. Мне здаецца, што яны нават нiколi не заўважалi Галабэра.



7 из 14