Я зусiм забыўся: у той час з намi працаваў гукааператар - малады бледнатвары чалавек з бясколернымi вачыма, якога я сам сабе назваў Бастар Кiтан*. Зрэшты, быў ён, бадай, яшчэ больш бледны i халодны, чым сам Бастар Кiтан, i было б дакладней назваць яго статуяй вядомага комiка.

* Бастар Кiтан (1896-1966) - амерыканскi акцёр, сцэнарыст i рэжысёр, адзiн з вядомых комiкаў нямога кiно.

У нашай мышалоўцы-студыi панавалi строгiя, я нават сказаў бы, манастырскiя парадкi i норавы. Ад аператара мы чулi толькi тры словы: "Прывiтанне", "Да пабачэння" i "Запiс", - на большае, здавалася, гэты чалавек быў няздатны. I нiхто з нас нiколi не бачыў на яго твары хоць якiх-небудзь прыкмет весялосцi цi журбы. Але варта толькi было нашаму новаму супрацоўнiку вымавiць: "Дарагая, мiлая мадам...", як Бастар, не адрываючыся ад свайго пульта, ледзь чутна кудахкаў. Такая нечаканая выява пачуццяў, якая iшла ад гэтай каменнай iстоты, прыносiла мне асаблiвае задавальненне. I гэта было як узнагарода за маю дабрачыннасць.

Так прайшоў тыдзень. Неяк увечары Галабэр падышоў да мяне i цiха папрасiў:

- А цi нельга было б змянiць маю рубрыку. Ды не... не таму, што яна мне не падабаецца... Проста гэта немагчыма...

Ён яшчэ нешта шчабятаў i шчабятаў, нiбы стараўся адцягнуць той момант, калi загавару я i пекану яму як след.

- Гэта чаму - немагчыма?

- Вы ведаеце... мая жонка... - Тут ён запнуўся, i я пастараўся падбадзёрыць яго. - Ну... жонцы не падабаецца, - сказаў ён.

- Што не падабаецца?

- Мая рубрыка.

Гэтага толькi i не хапала! Цяпер гэты сукiн сын уявiў сябе непрызнаным генiем! Што ж, мне ўсё гэта знаёма. Кожны няўдачлiвы муж лiчыць сябе Моцартам.

- Пачакайце, Галабэр! Але ж хiба гэта прычына, каб мы памянялi рубрыку? I потым, майце на ўвазе, што больш нiчога прапанаваць я вам не магу.



8 из 14