У цемры пачулiся галасы, мiльгнулi жарынкi цыгарак, самазвал загуў - цяпер ужо iз страшнай натугай - i ў вiр, узьняўшы нябачныя пырскi, бухнулася штосьцi цёмнае i важкае.

Ранiцою, як толькi разьвiднела, Трахiм пабег на раку i нагнаў па дарозе Сяргейчыка - аднаногага iнвалiда, якi таксама быў зацятым рыбаком i хата якога стаяла на другiм баку вулiцы.

- Чуў? - стоена вымавiў Сяргейчык, калi яны парукалiся.

Трахiм таргануў галавой i сусед, секануўшы паветра бамбукавым вудзiльнам, прамармытаў:

- Сталiна скiнулi.

- Як скiнулi? Куды? - гукнуў было Трахiм, прыцiшыў крок, а пачуўшы пра бюст, што стаяў у парку, шпарка пайшоў, прыладжваючы крок да мернага рыпеньня салавейчыкавага пратэзу...

- I што... сапраўды з бронзы? - запытаўся ўнук, не даслухаўшы дзедавага аповеду.

- Ну так... жоўты такi стаяў, - дзед павёў рукамi, малюючы ў паветры вiдарыс сталiнскага бюсту i Мiкола чародным разам пачухаў нiз жывата.

- Гiпс, вiдаць... Пафарбавалi пад бронзу.

- Ды не-э... Гiпс бы ў вадзе развалiўся, а ён цалюткi, - Трахiм вытрымаў паўзу i з разважнасьцю патлумачыў: - У семдзесят другiм годзе, як рака абмялела, макаўка паказалася. Мальцы яшчэ там нырца давалi...

Стары ўздыхнуў, пацёр даланямi санлiвыя вочы, а калi зноў зiрнуў на сьвет, унук ужо бег са двара i на пытаньне: - Куды ты паляцеў? - коротка азваўся: Да Гасюты!

II

Зялёная ад тванi, спрэс залепленая куклянкамi камлыга не пасьпела як сьлед прасохнуць, як на яе ўзьбiўся гурт мясцовых падшыванцаў. Падшыванцы пры гэтым бязладна гарлалi, сьпiхвалi адно другога з бэтоннай камлыжыны, а неўзабаве й пачалi стукаць па ёй нечым жалезным.

- Во йоп... - вылаяўся Мiкола, пачуўшы скрозь ранiшнi сон мэталёвае бразганьне. Сёрбнуўшы на хаду збружэлага квасу, ён выйшаў да весьнiц.



4 из 20