
- Цi вы не бачылi Валодзю? - звярнулася да яго Зiна.
- Не, не бачыў, - адказаў Ярмолаў. - Ды вы не хвалюйцеся, ён, напэўна, у другi вагон ускочыў.
Але як жа не хвалявацца? Прайшла хвiлiна, другая, цягнiк ужо набраў вялiкую хуткасць, а чалавека ўсё няма i няма.
Ярмолаў бачыў, што ў Зiны збялеў твар, яна раз-пораз перасаджвала дзяўчынку з адной рукi на другую, не магла нi сядзець, нi стаяць на адным месцы. I дзяўчынка, мабыць, нейкiм чынам адчувала матчыну трывогу: часта азiралася, махала ручкамi. Прайшла па калiдоры праваднiца з вядром i мятлою ў руках. Зiна звярнулася да яе: "Што рабiць? Муж астаўся на станцыi!" Праваднiца доўга моўчкi глядзела ў вядро, нiбы там магла знайсцi нейкi адказ, а потым абыякава спытала:
- Ваенны ваш муж?
- Ваенны.
- Не прападзе. Ён там недзе. - I паказала мятлою ў канец калiдора.
Гэта, вiдаць, азначала, што чалавек недзе ў канцы састава, Зiна так i зразумела, але не супакоiлася. З роспаччу i маўклiвай просьбай яна пачала глядзець на Ярмолава. Той рашуча ўстаў, надзеў фуражку, але ў гэты момант у калiдоры пачуўся бязладны пералiвiсты свiст. Зiна ў радасцi кiнулася туды i хутка з'явiлася ў купэ разам з Валодзем.
- Напалохаў ты нас, - тулячыся да грудзей мужа i з бязмежнай адданасцю гледзячы яму ў вочы, гаварыла жанчына. - Што б мы тут рабiлi без цябе? Сядзь адпачнi. Ты, мабыць, даганяў цягнiк?
Ярмолаву неяк аж нiякавата стала, калi ён убачыў, што Зiна так шчыра i глыбока кахае свайго мужа. Унутры з'явiлася нешта падобнае не то на зайздрасць, не то на прыкрасць - самому цяжка было разабраць.
