
- Зараз мы нальем табе ў кубачак, - цешылася разам з дзiцем мацi. - Дзе ж гэта наш кубачак?
Зiна яшчэ раз патармашыла адной рукой клунак, выняла адтуль фарфоравы кубак з адбiтым вушкам, адаткнула пляшку, нахiлiла над кубкам, а малако не палiлося. У мацеры аж спалох мiльгнуў на твары.
- Няўжо скiсла? Яно ж добра кiпела дома.
- Цёпла ў купэ, - спачувальна заўважыў Ярмолаў.
Зiна патрасла пляшку, паглядзела на пабялелае заткала i, мацней абхапiўшы дзяўчынку, выбегла ў калiдор.
- Валодзя, Валодзя! - з роспаччу паклiкала яна. - Хутчэй iдзi на хвiлiначку сюды!
Лейтэнант выйшаў i нездаволена паглядзеў на жонку.
- Чаго ты крычыш?
- Малако ў пляшцы скiсла, - ледзь не з плачам прашаптала Зiна. - Што будзем даваць Людачцы?
- Давай кiслае! - гучна i бестурботна сказаў лейтэнант. - Вось праблема! Кiслае яшчэ лепш!
- Для цябе лепш, - трошкi супакоiўшыся, сказала Зiна. - А для яе?..
- Нiчога, нiчога!
Валодзя сурова пакiваў галавою i вярнуўся ў суседняе купэ.
- У нас ёсць малако-о, - пявучым голасам сказала яму партнёрша па картах. - У тэрмасе. - Пры гэтым яна вiнавата паглядзела на Цюльпана. - Мы можам даць, калi трэба-а. Налiць?
- Дзякую, не трэба, - адмовiўся Валодзя, зразумеўшы, для каго тут вязецца малако. - Ваш ход. Давайце!
Зiна пачала кармiць Людачку кiслым малаком, а Ярмолаў не ведаў, што рабiць з самiм сабою. Ён не мог падняць галавы, не мог глянуць на дзяўчынку. У яго раптам стала глуха шчымець пад грудзьмi, а ў роце зрабiлася так прыкра, нiбы ён сам жывасiлам глытаў гэтае дачасна скiслае малако.
На наступнай станцыi Ярмолаў, мабыць, першым выйшаў на перон. Паколькi жанчына з абручыкамi таксама збiралася выходзiць, то i Валодзя заглянуў у сваё купэ, каб узяць шапку.
- Купi чаго-небудзь Людачцы, - папрасiла яго Зiна.
Пакуль цягнiк стаяў, яна паказвала Людачцы праз акно, якiя вялiкiя яблыкi былi ў кошыках тых цётак, што снавалi сюды-туды па пероне, якiя жоўтыя грушы. А калi заляскалi буферы i цёткi з кошыкамi неяк асаблiва замiтусiлiся, мацi з дачкою пачалi глядзець у канец калiдора, дзе павiнен быў хутка паказацца бацька. Але вось прайшлi ўжо многiя, вярнулiся i адразу зачынiлiся ў сваiм купэ суседзi з Цюльпанам, а Валодзi ўсё не было. Прыйшоў Ярмолаў, ласкава ўсмiхнуўся Людачцы.
