
- Я ў буфет забег, - пачаў растлумачваць сваё здарэнне Валодзя i амаль увесь час глядзеў на Ярмолава. - Забег, а там - чарга. Пастаяў крыху, бачу цягнiк наш паплыў за акном. Я крыкнуў на буфетчыцу i бягом. Ледзь ужо самы апошнi вагон дагнаў.
- Купiў што-небудзь Людачцы? - нясмела маргаючы доўгiмi густымi вейкамi, спытала Зiна.
- От, дзiвачка! - сурова адказаў Валодзя. - Яшчэ пытае. - Зiна разгублена нахiлiла галаву да Людачкi. - Я ж кажу, што перад самым званком забег у буфет. А да гэтага не мог. - Лейтэнант засмяяўся i ступiў крок да Ярмолава. Разумееце? Гэты самы Цюльпан з суседняга купэ раптам як падскочыць на пероне, як тузане! I вырваўся з рук гаспадынi. Я за iм, а ён драла. Чорт яго ведае, што яму прыйшло ў галаву. Хвiлiн дзесяць я патрацiў, пакуль злавiў яго.
- А гаспадар што? - хмура спытаў Ярмолаў. - Гэты самы Дзiма?
- Куды яму? - насмешлiва махнуў рукою Валодзя. - Па iм то сабака быў бы ўжо, напэўна, у Менску. Не хоча Цюльпан ехаць на курорт. Давай будзем абедаць! - звярнуўся лейтэнант да жонкi. - Есцi хочацца!
Зiна паспешлiва стала развязваць адной рукой клункi.
- На, патрымай трошкi Людачку, - няўпэўнена сказала яна, а сiнявата-шэрыя пакорлiвыя вочы так прасiлi, каб ён хоць на гэты раз не асаромiў яе перад чужым чалавекам, каб хоць для прылiку ўзяў на рукi дзяўчынку. Ярмолаву аж балюча было глядзець на гэтыя вочы.
- Пасадзi яе! - суха сказаў, нiбы аддаў загад, Валодзя.
Пакуль Зiна падрыхтоўвала ўсё на столiку, Людачка сама знайшла на полцы свой лысы каштан i пачала абедзвюма рукамi падымаць яго вышэй носа i апускаць унiз. Iншы раз пры такiм руху каштан дакранаўся да рота, i ад гэтага ўсе бакi яго хутка сталi мокрымi.
Ярмолаў выпяў з кiшэнi бразготку i працягнуў яе дзяўчынцы.
- Вазьмi, Людачка, вось гэтую цацу. Глядзi, якая прыгожая.
- У яе ёсць такая дома, - заўважыў Валодзя.
А Зiна чамусьцi разгубiлася ў гэтую хвiлiну, не ведала, што сказаць. I толькi калi ўжо Людачка добра завалодала новаю цацкаю i, махаючы ручкамi, пачала залiвацца ўцешным смехам, мацi села блiжэй да дзяўчынкi, сарамлiва паглядзела на Ярмолава i сказала:
