
- Нашто вы турбавалiся, дальбог праўда.
Тады Ярмолаў выняў з другой кiшэнi пляшку смятанкi.
- Мне здаецца, што гэта можна было б даваць дзяўчынцы, - цiха сказаў ён.
Зiна спалохана глянула на мужа: "Што вы, што вы!.. Не трэба!"
Валодзя ў гэты час прыдзiрлiвым вокам аглядаў падрыхтаваную закуску i таксама вымаў з кiшэнi пляшку, толькi не са смятанкай. Зiна пачырванела i апусцiла вочы.
- Дзякуй вам, - глыбока ўздыхнуўшы, сказала яна Ярмолаву.
- Я думаю, - гаварыў тым часам Валодзя, - я думаю, што мы з калегам... Ён азiрнуўся i ўбачыў у руках Зiны смятанку: - Дзе ўзяла? Ага. Вы купiлi? - Ён крыва ўсмiхнуўся суседу. - Ну, добра. Дык я думаю, што мы з вамi возьмем перад абедам па службовай. Га? Ледзь паспеў ухапiць у буфеце. Дастань, Зiна, шклянкi.
- Я не п'ю, - сказаў Ярмолаў, глянуўшы на столiк, - хiба ўжо толькi за кампанiю. - Ён мiжвольна павярнуўся да гаспадынi.
- Сядайце з намi! - запрасiла Зiна, i Ярмолаў адчуў у яе голасе шчырасць i быццам бы спадзяванне на нешта добрае. Звыклы ўглядацца ва ўсякую з'яву, ён падумаў, што Зiна баiцца пакiдаць свайго мужа аднаго з пляшкаю. Таму, падзякаваўшы, ён стаў даставаць з-пад полкi свой чамадан.
Пасля першай шклянкi Валодзя стаў на рэдкасць гаваркiм i бадзёрым. Кожнае слова, кожны жэст, трапныя яны былi цi не, з'яўлялiся ў яго надзвычай лёгка, мiмаволi. Вiдно было, што выпiўка для гэтага чалавека - справа звыклая i што тут ён умее паказаць сябе.
- Жонка мая не п'е, - ужо ў каторы раз паўтараў ён Ярмолаву. - Зусiм не п'е. Так што вы яе i не прасiце. Артыстка i не п'е. Дзiўна? Праўда, яна былая артыстка. Ну, i дзякуй богу! Я сказаў так: або жонка, або артыстка! Правiльна я сказаў, таварыш Ярмолаў? Адмiрал Ярмолаў?
"Адмiрал" без крыўды ўсмiхнуўся i хацеў нешта сказаць Валодзю, але Зiна так паглядзела на яго, што ён не рашыўся ўступаць у размову.
